19 мая, у прыгожы веснавы дзень, у парафіі Cвятых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі дэканат) адбылася вялікая ўрачыстасць – 10 маленькіх сэрцаў у першы раз прынялі святую Камунію.
Ранкам на касцёльнай тэрыторыі было вельмі сонечна і прыгожа. Твары маленькіх парафіян, а таксама іх бацькоў і хросных свяціліся ад усмешак. Перад пачаткам святой Імшы пробашч кс. Анджэй Бурак прывітаў усіх сабраных і запрасіў прайсці ва ўрачыстай працэсіі ў касцёл. Ад урачыстасці моманту на вачах бацькоў, хросных, а таксама і пробашча з’явіліся слёзы радасці.
Распачалася Імша благаслаўленнем дзяцей. Бацькі і хросныя, як і падчас хросту, зрабілі на ілбах сваім дзецям знак крыжа.
У гаміліі кс. Анджэй папрасіў дзяцей успомніць свае катэхетычныя ўрокі, падчас якіх яны рыхтаваліся да першай споведзі і Першай Камуніі. На гэтыя заняткі дзеці запрашаліся разам з бацькамі. Кожны ўрок заканчваўся дамашнім заданнем. Гэта было і абняць сваю матулю і падзякаваць ёй, і пацалаваць спрацаваныя далоні таты, і прывітацца з незнаёмым чалавекам і падзяліцца з ім сваёй усмешкай, і памаліцца за сваіх настаўнікаў, выхавацеляў і пробашча, і шмат іншага.
Таксама святар распавёў маленькім парафіянам прыпавесць пра адну жанчыну, якая ўсё сваё жыццё працавала ў заможнай сям’і гаспадыняй. Калі яна састарэла і прыйшоў час ёй вярнуцца дадому, то гаспадар на памяць падарыў ёй ключ ад свайго дома, як сімвал таго, што дзверы іх дома заўсёды адчынены для яе.
“Дарагія дзеці, сёння вы атрымалі шмат падарункаў ад сваіх бацькоў, хросных і родных. Я таксама хачу вам зрабіць падарунак. Я кожнаму з вас уручаю ключы – адзін ад касцёла, а другі – ад табэрнакулюма, як сімвал таго, што дзверы касцёла заўсёды адчынены для вас і Езус, якога вы сёння прымеце ў першы раз, заўсёды чакае вас тут. Запрашаю як мага часцей прымаць Яго ў сваё сэрца”, – сказаў святар.
На заканчэнне Імшы бацькі падзякавалі пробашчу за двухгадовую падрыхтоўку іх дзяцей, за прыклад веры і за цэлебрацыю гэтай урачыстасці і ўручылі ў якасці падарунка гадзіннік. Ксёндз Анджэй, у сваю чаргу, выказаў словы падзякі бацькам і хросным за прысутнасць і дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага свята. У знак падзякі кожнаму тату ён паціснуў руку, а кожнай матулі падарыў бела-ружовую ружу. Кожнаму дзіцяці пробашч даў першакамунійны хлеб і прапанаваў падзяліць яго на маленькія кавалачкі і раздаць усім прысутным у гэты дзень на Імшы, каб такім чынам падзяліцца сваёй радасцю з усімі.
Урачыстасць завяршылася супольным фотаздымкам. Наперадзе дзяцей чакае “белы” тыдзень, які скончыцца 25 мая. У гэты дзень кс. Анджэй будзе дзякаваць Богу за 17-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.
Кс. Анджэй Бурак
Фота: Уладзімір Юруш