5 мая ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася цырымонія прыняцця 11 хлопцаў і дзяўчат у “Рух чыстых сэрцаў”. Перад алтаром яны далі абяцанні чыстасці да сужэнства, моманту прэзбітэрскага пасвячэння ці ўступлення ў манаскае жыццё.
Гэта азначае, што шостая Божая запаведзь з гэтага часу для іх не пусты гук.
Чыстых людзей Бог благаслаўляе. Таму ў гэты дзень моладзь нібы заключыла дамову з Панам, штосьці накшталт “дамовы” Аўрама і Бога ці словаў Езуса ў Евангеллі: “усё Маё – гэта Тваё, і Тваё – гэта Маё” (Ян 17, 10). У дадзеным выпадку гэта гучыць так: калі я даверуся Богу, я атрымаю ўсё Божае Валадарства і з гэтага часу мяне будзе суправаджаць пачуццё прысутнасці Бога ў маім жыцці.
Маці Тэрэза з Калькуты казала моладзі: “Тое, што ты любіш дзяўчыну, або тое, што ты любіш хлопца – гэта прыгожа. Але не сапсуй гэтага. Захавай сваю любоў чыстай. Захавай сваю любоў некранутай, каб у дзень шлюбу мець тое прыгожае для ахвяравання адно аднаму... радасць чыстай любові”.
На жаль, гэтую вялікую рэч большасць маладых людзей, нашых сучаснікаў, не разумее. Сённяшні свет не прымае вартасці дзявоцтва. У гэтым сэнсе моладзь амаль што не бачыць добрага прыкладу з боку бацькоў, сяброў, калег. Маладыя паддаюцца ціску нашага жорсткага свету. Таму маем тое, што пасеялі.
Гэтыя ж 11 чалавек іншыя, яны даверылі Богу не толькі сябе, але і сваіх будучых мужоў і жонак. Бог благаславіць і гэтых людзей, а таксама дасць сілы тым, хто абярэ святарства ці манаскае жыццё.
Падчас цырымоніі маладым людзям на безыменныя пальцы правай рукі, дзе звычайна носяць заручальныя пярсцёнкі, былі адзеты пярсцёнкі з надпісам на англійскай мове “сапраўдная любоў чакае”. Іх адзявалі самыя блізкія людзі – дзяўчатам таты, хлопцам мамы, у некаторых выпадках проста родныя.
Пярсцёнак – бачны знак, сведчанне і напамін. Патрэбна мужнасць, каб яго не саромецца і насіць, не здымаючы. Бо пытанняў наконт гэтага пярсцёнка будзе шмат. Ён будзе заменены на заручальны толькі ў момант прыняцця сакрамэнту сужэнства, таму пэўны час маладым людзям трэба будзе адважна адказваць на ўсе пытанні.
Святы Ян Павел ІІ сказаў моладзі: “Цывілізацыя смерці хоча знішчыць чысціню сэрца. Адзін са спосабаў гэтага дзеяння – мэтазгоднае паддаванне пад сумнеў паставы чалавека, якую мы вызначаем як цнота чыстасці. Гэтая з'ява асабліва небяспечная, калі мэтай нападу становяцца адчувальныя сумленні дзяцей і падлеткаў. Цывілізацыя, якая, такім чынам, раніць або нават забівае правільнае стаўленне чалавека да чалавека, з'яўляецца цывілізацыяй смерці, таму што чалавек не можа жыць без сапраўднай любові”.
“Рух чыстых сэрцаў” – супольнасць маладых людзей, каму блізкія словы Пана Езуса: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”. Удзельнікі Руху жывуць духам гэтага благаслаўлення праз захаванне Божых запаведзяў, малітву, прыступанне да святых сакрамэнтаў.
Фаіна Малюжэнец