У другі дзень ДДМ хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць працаваць у групах, разважаючы тэму "Формы хрысціянскага служэння для моладзі". Разабрацца ў спосабах актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла і евангелізацыі ім дапамагалі святары з усёй Беларусі.
Першая группа разам з кс. Анджэем Ганчаром, які ў мінулым быў на місіях у Афрыцы, паднялі тэму місійнага служэння. "Маем важнае заданне абвяшчаць Езуса. Гэтым можа займацца не толькі духоўная асоба, але кожны чалавек. Для выконвання місіі не абавязкова ехаць на другі кантынент, але можна сведчыць праз словы і дзеянні ў звыклым для сябе асяроддзі ", - адзначыў святар.
Другой групе тэму дабрачыннасці наблізіў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар Нацыянальнага "Карытас". "Ахвярны чалавек - гэта чалавек з гарачым сэрцам. Разам мы сапраўды можам змяніць мір. Не толькі арганізацыя «Карытас» можа дапамагаць людзям, але і кожны з нас", - падкрэсліў ксёндз.
Трэцяя суполка разам з а. Віталіем Сярко SchP разважала над тэмай манаскага паклікання, пазнаёміўшыся з гісторыяй законных супольнасцяў даўняга мінулага.
З 4-ай тэмай служэння праз святарства маладых вернікаў пазнаёміў кс. Ян Раманоўскі. "Святарства - гэта не прафесія, але пакліканне. Тут няма графіку працы, гэта служэнне 24/7. Разам з тым не толькі ад ксяндза залежыць яго паслуга, але і ад людзей навокал. Святары патрабуюць малітвы і падтрымкі вернікаў", - сказаў кс. Ян.
Пятая тэма была прысвечана сям'і. А. Андрэй Урублеўскі СSsR прапанаваў кожнаму маліцца за будучага мужа і жонку, даверыць Богу сваю сям'ю. Заахвоціў не сумнявацца, што Нябесны Айцец дапаможа зрабіць правільны выбар і накіраваць на правільны жыццёвы шлях.
"Евангелізацыя ў СМІ - гэта магчыма, сведкамі з' яўляемся мы самі. Праз размяшчэнне фотаздымкаў і запісаў у сацыяльных сетках нашыя знаёмыя або проста падпісчыкі пазнаюць Бога. Хрысціянскім блогерам можа быць кожны з вас", - запэўніў кс. Кірыл Бардонаў, былы дырэктар партала Сatholic.by.
На тэму евангелізацыі, якая была сёмым пунктам праграмы, кс. Андрэй Белаблоцкі прапанаваў задумацца, як часта мы гаворым з бліжнімі пра Бога. "Трэба дзяліцца Словам і часам дастаткова сказаць, што «Бог цябе любіць». Нас мільярды хрысціян, і мы шмат зможам зрабіць, калі будзем адным цэлым, разам з Езусам", - падкрэсліў святар.
Апошняй тэмай катэхэзы было "Парафіяльнае служенне". Кс. Дзяніс Бразінскі зазначыў, што парафія - гэта адна супольнасць, і толькі разам можна трымаць усё ў парадку. Кожны можа ўдзельнічаць у жыцці свайго мясцовага Касцёла: пець, служыць пры алтары, упрыгожваць святыню, прыбіраць. Дастаткова мець жаданне.
Вольга Сяліцкая
Фота: Павел Адамовіч