5 мая салезіянская сям’я ў Смаргоні адзначыла свята св. Дамініка Савіо, выхаванца ксяндза Боско. Гэтага святога юнака з араторыя на Вальдокка часта называюць “маленькім гігантам духу”, таму, што ён у настолькі маладым узросце здабыў вельмі высокія вяршыні духоўнага жыцця і ўжо пры жыцці быў называны святым.
Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў, моладзі і цяжарных жанчын.
Вернікі салезіянскай парафіі Св. Міхала Арханёла ў г. Смаргонь ушанавалі гэтага святога падчас нядзельнай Імшы на палявам алтары парафіі. Падчас Эўхарыстыі, прысвечанай апекуну літургічнай службы алтара, у Смаргоні былі прыняты ў кандыдаты да міністранцкага служэння 30 хлопцаў. Кандыдаты далі абяцанні старанна рыхтавацца да службы пры Божым алтары, а іх бацькі ў гэты час трымалі свае далоні на іхніх плячах, паказваючы сваю падтрымку і малітву за будучых міністрантаў.
Таксамса хлопцы атрымалі белыя стужкі, якія з гэтага момонту будуць заўсёды насіць, прыслугоўваючы ў святыні. Белы колер стужак павінен нагадваць ім аб чысціні душы, з якой яны павінны імкнуцца несці сваё служэнне дзеля большай хвалы Пана.
Пасля абраду прыняцця кандыдатаў у міністранты адбылося прыняцце 12 новых членаў у суполку “Савіо-Клуб”. Гэтая суполка ўзнікла ў беларускіх араторыях, і яе галоўным апекуном з’яўляецца Дамінік Савіо. Мэтай суполкі з’яўляецца фармаванне падлеткаў у духу салезіянскай радасці і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Члены “Савіо-Клуба” стараюцца ў сваім жыцці наследаваць прыклад св. Дамініка, будуючы жыццё на фундаменце рэцэпту святасці, які св. Ян Боско прапанаваў Дамініку, калі той прыбыў у турынскі араторый. Гэты рэцэпт мае ў сабе тры інгрыдыенты: 1. радасць; 2. добразычлівасць; 3. сумленнае выкананне сваіх абавязкаў.
Пасля супольнай Эўхарыстыі і ўшанавання рэліквій св. Дамініка Савіо вернікі скіраваліся ў араторый, дзе ўсіх чакаў вялікі сюрпрыз. Дзеці і бацькі маглі акунуцца ў клімат неба, пазнаёміцца з юнаком Савіо, ксяндзом Боско, сястрой Мадзарэлай і шматлікімі іншымі персанажамі з жыццяпісу віноўніка свята, св. Дамініка Савіо. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, танцах і супольных забавах. Пасля прадстаўлення ўсіх чакаў салодкі пачастунак ля араторыя.
Варта зазначыць, што на свяце былі ўручаны адмысловыя дыпломы 10 выпускнікам “Савіо-Клуба”, а таксама выказана падзяка ім за чынны ўдзел у жыцці суполкі.
Дыякан Артур Ляшнеўскі SDB