Skip to main content

“Дарога Святла” ў Германішкі

Удзельнікі Дзён моладзі ў Воранаве прайшлі ў працэсіі да святыні ў Германішках. “Дарога Святла” была прысвечана шляху Змёртвыхпаўсталага Езуса. На 14-ці прыпынках маладыя людзі зачытвалі ўрыўкі з Евангелля, якія датычаць дзейнасці Езуса пасля Яго Змёртвыхпаўстання. Моладзь спявала і ўсхваляла Пана. Працэсія расцягнулася на некалькі соцен метраў. Апошні 15-ты прыпынак адбыўся каля касцёла.
“Дарогай Святла” моладзь прайшла 4 кіламетры ад Воранава да Германішак. Святыня не змагла змясціць усіх удзельнікаў – палова малілася на вуліцы. Моладзь прывітаў кс. пробашч Генадзь Рамашко.

Святую Імшу ўзначаліў дзекан радунскага дэканата кс. Генрых Яблонскі. Казанне прамовіў кармеліт босы айцец Павел Рудзьман, вікарый з Гудагая: “Дзеля чаго я сёння прыйшоў у гэтую святыню?  Каб паразмаўляць аб сваіх справах,  паразважаць над тым, як будзе выглядаць сёняшні канцэрт, або над тым, у чым сэнс Эўхарыстыі? А можа, я прыйшоў, каб сказаць Хрысту “дзякуй” за тое, што мае бацькі пахрысцілі мяне, за першую споведзь, першую камунію, за бежмаванне. Сёння я прыйшоў сюды, каб убачыць найвялікшы цуд – зшэсце Хрыстуса падчас сакрамэнту Эўхарыстыі”.
Казнадзей сказаў моладзі, што яна абрана Богам, каб ісці туды, куды не могуць дайсці ані святары, ані манаскія сёстры. “Скажыце Богу: “Божа, змілуйся нада мной, бо я грэшны. Дзякуй за маіх бацькоў, за ўсе Твае ласкі. Езу, ніколі не адыходзь ад мяне”, – заахвоціў моладзь айцец Павел.
Пасля св. Імшы працэсія вырушыла назад у Воранава. Па дарозе маладыя людзі спявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі.