19 красавіка, у Вялікую пятніцу, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Літургію Мукі Пана ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскі касцёл).
У галоўным алтары гэтай святыні, якая з’яўляецца найстарэйшай у горадзе, знаходзіцца прыгожы крыж.
Літургія складалася з чатырох частак: літургіі слова, адарацыі Святога Крыжа, святой Камуніі і перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гроб Пана.
Літургія пачалася ў цішыні, калі перад алтаром біскуп лёг на падлогу крыжам. Гэты знак сімвалізуе Хрыстовую ахвяру. Лежачы крыжам, іерарх маліўся айцу, які прысутны сярод людзей на зямлі, як быў прысутны падчас мукі свайго ўмілаванага Сына. Вернікі ў гэты час дзякавалі за дар адкуплення, за тое, што Бог ніколі не пакідае і жадае збаўлення ўсіх, і за ласку трывання з Хрыстом, пачатак якой паклаў у іх святы хрост.
Таксама было прачытана апісанне мукі Пана, перададзенае святым Янам, які сведчыць аб тым, што бачыў на Галгоце. Для яго Укрыжаваны з’яўляецца Валадаром, вечным Сынам Божым, Святлом, якое асвятляе кожнага чалавека. Ян Евангеліст быццам адкрыў Божае Сэрца, якое хоча не судзіць людзей, а збавіць.
Усе прысутныя ў касцёле ўшанавалі Святы Крыж, а затым прынялі Камунію. На заканчэнне Літургіі Вялікай пятніцы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана, дзе да распачацця Літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі будуць адараваць Хрыста, разважаючы пра Яго Муку.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксандра Гваздоўская