14 красавіка ў Гродне ўрачыста адзначылі Пальмовую нядзелю. У гэты дзень на запрашэнне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адказала шмат маладых людзей, якія прыбылі з розных куткоў дыяцэзіі, каб пад дэвізам “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (пар. Лк 1, 38) разам адсвяткаваць Сусветны дзень моладзі.
Iнвестыцыя ў маладога чалавека
Маладыя людзі з усіх гродзенскіх парафій, a таксама з Ліды, Сапоцкіна і іншых месцаў прыбылі, каб засведчыць аб сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла, супольна вызнаць, што Панам іх жыцця і маладосці з’яўляецца Езус Хрыстус, з якім яны жадаюць звязваць свае найпрыгажэйшыя надзеі і чаканні.
Усе сабраліся на Бэрнардынскім узгорку, каб распачаць святкаванне нядзелі Мукі Пана. Там іх прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што асабліва ў гэты дзень Касцёл з надзеяй глядзіць на маладых, бо гэта ад іх залежыць наша заўтра.
Біскуп падкрэсліў, што моладзь – наша будучыня, таму трэба інвеставаць у маладога чалавека, каб ён мог сваёй прысутнасцю ў свеце змяняць гэты свет да лепшага.
Іерарх благаславіў прынесеныя моладдзю пальмы – звычайныя, якія ўдзельнікі ўрачыстасці трымалі ў руках, і вялікія, якія моладзь традыцыйна прыносіць у гэты дзень і якія з’яўляюцца своеасаблівай прэзентацыяй іх парафіяльных супольнасцяў. Сёлетнія пальмы, зрэшты як і штогод, былі раскошныя і прыгожыя. Моладзь пачынае рыхтаваць іх за некалькі дзён да Пальмовай нядзелі.
Пасля працэсія вырушыла са спевам да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя, дзе адбылася святая Імша. Падчас шэсця маладыя людзі спявалі, выказваючы так сваю веру і прыналежнасць да вялікай сям’і – Каталіцкага Касцёла. Працэсія была радаснай, бо ў ёй прымала ўдзел шматлікая моладзь, якая не саромеецца веры ў Бога, а выражае яе словам, учынкам і малітвай.
Будаванне жыцця на фундаменце любові
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу на ідэнтычнасць хрысціяніна, якой чалавек не павінен саромецца. Святар адзначыў, што чалавек, які называе сябе хрысціянінам, не можа стаяць на месцы, а павінен занесці сучаснаму свету тое, чаго яму так не хапае.
“Свет сёння, здаецца, мае ўсё: найлепшыя тэлефоны, віртуальнае багацце, машыны, грошы, але вельмі часта не хапае дабра, любові і супакою”, – дадаў кс. Марціновіч.
Па словах святара, на фундаменце любові кожны чалавек павінен ствараць будынак свайго жыцця, бо, як падкрэсліваў Папа Францішак падчас сёлетніх Сусветных дзён моладзі ў Панаме, “маладосць – гэта не зала чакання, гэта не ўчора, гэта не заўтра, але трэба дзейнічаць сёння, і таму нашае “так” павінна быць уваходнай брамай, каб Святы Дух падарыў новую Пяцідзясятніцу свету і Касцёлу”.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім прысутным, каб Вялікі тыдзень дапамог нанова адкрыць любоў Бога да кожнага чалавека і прынёс плён Божай ласкі ў штодзённым нясенні крыжа. Маладых людзей іерарх запрасіў да ўдзелу ў Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, якая на пачатку мая пройдзе ў Шчучыне.
JM
Фота: Павел Адамовіч