11–12 сакавіка адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства. Сустрэча прайшла ў рэкалекцыйным доме пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Сустрэча была прысвечана праблеме моладзі, а таксама выклікам Касцёла, звязаным са спадарожнічаннем ёй.
У межах сустрэчы кс. Ян Сарэла, мадэратар, адказны за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, прамовіў канферэнцыю на тэму “Духоўнае суправаджэнне сучаснай моладзі”. Святар падкрэсліў, што духоўныя асобы абавязаны спадарожнічаць маладым людзям у тым, каб стаяць перад абліччам культурнай змены, якая зараз назіраецца ў свеце, а таксама абавязаны быць яскравым аўтарытэтам для іх.
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ў студзені ўдзельнічаў ў 34-х Сусветных днях моладзі ў Панаме, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гэтага форуму і правёў лекцыю “Сям’я – крыніца радасці і надзеі моладзі”, пасля якой адбылася дыскусія і абмен досведам паміж маладымі святарамі.
Іерарх падкрэсліў, што маладыя людзі могуць, дзякуючы сваёй прысутнасці і слову, дапамагчы Касцёлу ў амаладжэнні ягонага аблічча. Ён дадаў, што моладзь з’яўляецца і павінна разглядацца як інтэгральная частка Касцёла і што праца з ёю – неад’емнае вымярэнне душпастырства. Святар, па словах біскупа, павінен прыкладваць шмат намаганняў, каб сённяшняя моладзь жыла Евангеллем і адчувала сувязь з Касцёлам.
Адбылася таксама супольная малітва перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, Эўхарыстыя, набажэнства Крыжовага шляху і братэрская сустрэча, што, безумоўна, паспрыяла будаўніцтву святарскай супольнасці.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Дзяніс Бразінскі