7-9 сакавіка ў Рыме ў сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі пад патранатам Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы адбылася сустрэча, прысвечаная душпастырству моладзі.
Беларусь на Міжнароднай сустрэчы дэлегатаў душпастырства моладзі і ўніверсітэтаў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы прадставілі трое святароў Гродзенскай дыяцэзіі: кс. Ян Раманоўскі, старшыня сінадальнай камісіі па справах моладзі, кс. Анджэй Ганчар, вікарый парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску, і кс. Юрый Ясевіч, які на дадзены момант вучыцца ў Рыме.
У сустрэчы ўдзельнічалі між іншым кардынал Анджэло Баньяско, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Еўропы, біскуп Жан-Клод Галерыч, адказны за душпастырства моладзі пры CCEE, арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі, адказны за душпастырства студэнцкай моладзі пры CCEE.
Падчас сустрэчы была прадстаўлена справаздача з падрыхтоўкі да Сіноду Біскупаў, а таксама сам ход Сіноду і тэмы, якія там узнімаліся. Пасля кожнай сесіі адбывалася праца ў групах, дзе абмяркоўваліся тэмы, звязаныя з душпастырствам моладзі ў сучасным свеце, найперш як наблізіць і паказаць маладым людзям сёння Езуса і Евангелле. Удзельнікі прадставілі праблемы і цяжкасці, звязаныя з перадачай Евангелля сучаснаму маладому чалавеку ў розных краінах Еўропы.
Адной з найважнейшых была названа неабходнасць сапраўднага жыцця духоўных асобаў Евангеллем. “Бо для таго, каб прывесці маладога чалавека да Хрыста, трэба самому туды прыйсці”, – неаднаразова адзначалася на сустрэчы.
Сярод важных патрэбаў у перадачы Евангелля моладзі быў названы таксама выхад да яе, уменне слухаць яе прапановы, асабістае сведчанне, спадарожнічанне моладзі ў розныя моманты.
Адзначалася, што адна з найважнейшых патрэбаў у перадачы Евангелля маладым людзям – патрэба адукаваных душпастыраў, бо сёння моладзь ставіць шмат пытанняў, і адказ “я табе кажу” не з’яўляецца аргументам.
Падкрэслівалася, што спадарожнічаць маладым людзям у наш час – вялікая адказнасць і высілак, што патрабуе асаблівага ўдзелу і прысвячэння. І некаторыя духоўныя асобы, на жаль, сёння ўцякаюць ад такога служэння.
Мэтай сустрэчы быў супольны пошук адказу на пытанні, звязаныя з перадачай Евангелля маладым людзям ХХІ ст.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Ян Раманоўскі