9 сакавіка ў парафіі Святога Духа ў Гродне адбыўся конкурс ведаў “Мае сустрэчы з Богам” для дзяцей, якія ў гэтым годзе прыступяць да Першай святой Камуніі.
Дзеці старанна рыхтаваліся да конкурсу на працягу некалькіх тыдняў. Кожны з іх меў магчымасць як найлепей паказаць багацце ведаў, якія яны набылі за ўвесь час катэхізацыі.
Распачалося мерапрыемства супольнай малітвай, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда. Ён заахвоціў дзяцей, каб гэты час стаў для іх не толькі спаборніцтвам за першае месца, але, перш за ўсё, радаснай сустрэчай і супольнай інтэграцыяй.
Пасля малітвы дзеці падзяліліся на групы. З вялікім запалам яны прыступілі да конкурсу, старанна выконваючы заданні, пастаўленыя перад імі. Вельмі парадавала тое, што большасць пытанняў не была для дзяцей цяжкасцю. Таму журы на чале з кс. Андрэем Бялаблоцкім мела вялікі клопат з вызначэннем пераможцаў.
“Пытанні спачатку былі простыя, а потым усё больш складаныя, – распавядае Юрый Кійко, адзін з бацькоў дзяцей, якія прымалі ўдзел у конкурсе. – І, зразумела, адказы на іх просты непадрыхтаваны чалавек ведаць не мог, калі ён не тэолаг. Але дзеці імгненна адказвалі абсалютна на ўсе пытанні. І сапраўды, конкурс не атрымаўся б, бо ўсе заслугоўвалі першага месца, калі б не дзіцячая паспешнасць і з-за гэтага зробленыя памылкі. Не па няведанні, а таму, што стараліся быць першымі, не паспеўшы зразумець сутнасці пытання або не даслухаўшы яго да канца. Але веды дзяцей мяне ўразілі.
Ксёндз Павел на пачатку пажартаваў, што зараз будзе прымаць экзамен перад Першай Камуніяй. Упэўнены, што дзеці прадэманстравалі веды, годныя любога экзамену і самай высокай на ім адзнакі, прычым абсалютна ўсе. І гэта, канешне ж, заслуга іх настаўнікаў – сясцёр і святароў, у якіх бачна ўдосталь дароў Духа Святога, каб зацікавіць і прыцягнуць да пазнання рэлігіі маленькіх непаседаў”.
Падчас намінацыі ніхто не застаўся незаўважаным. Кожны атрымаў памятную ўзнагароду, а таксама дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе.
Напрыканцы ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі пачастунак. Кожны вяртаўся дадому не толькі ўзбагачаны ведамі, але найперш з новымі сяброўствамі і радасцю ад сустрэчы.
JM