Skip to main content

"Не смуткуйце, калі посціце". Велікапосныя рэкалекцыі пачаліся ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле

butkewicz 107 сакавіка ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне пачаліся велікапосныя духоўныя практыкаванні, якія на працягу трох дзён будзе праводзіць біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. 

Іерарх узначаліў св. Імшу, на якой сабраліся хлопцы і дзяўчаты з моладзевага душпастырства “Оpеn” і вернікі горада.

Падчас казання біскуп Алег разважаў над тым, як быць падобным да Хрыста. Ён раіў не ўспрымаць адрачэнні, якія практыкуем падчас посту, як цяжкі абавязак: "Адмаўляючы сабе ў чымсьці дзеля Госпада, мы выбіраем лепшае - тое, што нас напоўніць. Мы верым у Таго, хто нас любіць. Бог, ствараючы чалавека на сваё падабенства, хацеў, каб хтосьці яшчэ перажываў такі ж стан абсалютнага шчасця, які перажывае Ён”. 

butkewicz 11

Іерарх перасцярог, каб мы не выбралі за ідалаў саміх сябе і ўмелі падпарадкоўваць свае жаданні ўласнай волі. "Памятайце, што душу, якая па прыродзе з’яўляецца неабмежаванай, нельга заспакоіць агранічанымі рэчамі. Наталіць яе можа толькі бясконцы Бог”, - адзначыў біскуп.

Біскуп Алег таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ісці за Хрыстом можа толькі свабодны чалавек. Паводле яго слоў, спасцігнуць свабоду атрымаецца тады, калі абмяжуем сябе Божымі запаведзямі. У такім выпадку мы будзем здольныя рабіць правільны выбар і вольныя ад зла і залежнасцяў.

Напрыканцы іерарах нагадаў, каб мы памяталі пра звычайнае, людскае стаўленне да Бога – казалі Яму "дзякуй". 

Пасля завяршэння Эўхарыстыі ўдзельнікі рэкалекцый накіраваліся ў кляштар сясцёр назарэтанак, дзе мелі магчымасць пагутарыць з біскупам Буткевічам, задаючы пытанні і дзелячыся сведчаннямі. 

Ангеліна Марцішэўская