4 сакавіка ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя сабраўся на малітве генеральны капітул, апекуном якой з’яўляецца святы каралевіч Казімір. У гэты дзень ушанавалі апекуна Гродзенскай дыяцэзіі.
Урачыстую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў Гродна ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Ва ўступе да літургіі іерарх адзначыў, што горад над Нёманам быў асвячаны прысутнасцю св. Казіміра, які прабываў у ім, часта маліўся ноччу на прыступках Фары Вітаўта, а ў нядзельную раніцу 4 сакавіка 1484 г. ва ўзросце няпоўных 26 гадоў адышоў у вечнасць у каралеўскім замку.
Гамілію прамовіў кс. канонік Станіслаў Пацына, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Святар нагадаў духоўную біяграфію святога, падкрэсліўшы, што ў наш час яго жыццё можа быць сапраўдным прыкладам для сучасных людзей.
Акрамя таго, у Гродне адбыўся ўжо традыцыйны кірмаш ручных вырабаў у гонар св. Казіміра. На вуліцах горада можна было набыць разнастайныя вырабы, пачынаючы ад велікодных пальмаў, ганчарскіх рэчаў і заканчваючы арыгінальнымі фігуркамі або таксама вырабамі з жалеза, шэдэўрамі кавальскага мастацтва.
Кірмаш стаў магчымасцю шырокай публічнай прэзентацыі разнастайнасці і прыгажосці культуры, а таксама напаміну паслання, якое пакінуў святы каралевіч.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская