3 сакавіка ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лабне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Казіміра, каралевіча. На малітве сабраліся шматлікія парафіяне, якія ўжо шмат гадоў у розных патрэбах душы і цела звяртаюцца да свайго асаблівага святога заступніка.
Святую Імшу ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі святар адзначыў, што св. Казімір пакінуў след у Касцёле на Гродзеншчыне, а яго пасланне, нягледзячы на прашэсце столькіх гадоў, па-ранейшаму актуальнае.
Як дадаў кс. Марціновіч, прыклад служэння і любові, які пакінуў св. Казімір, павінен быць для нас натхненнем, каб мы стараліся верна наследаваць Хрыста, які “не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць” (Mк 10, 45)”.
Па словах святара, любоў – канкрэтнае служэнне, якое мы сведчым у адносінах адзін да аднаго, і гэта не пустыя словы, а канкрэтныя ўчынкі, якія спаўняюцца часта ў маўчанні і схавана.
У гэты дзень усе прысутныя асаблівым чынам агарнулі малітвамі пробашча парафіі кс. Казіміра Жывалеўскага, чыім апекуном з’яўляецца святы Казімір.
JM