17 лютага ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат) прайшоў дзень засяроджання для дзяўчат. Сустрэчу пад назвай “Прагну і...” праводзіла супольнасць сясцёр св. Катарыны (катарынкі).
Мэтай сустрэчы было распазнаць свае прагненні. Як Езус з пакораю звярнуўся да самаранкі і прасіў у яе вады, так удзельніцы праз разважанне над Божым словам спрабавалі адказаць самі сабе на пытанне аб сваіх прагненнях.
Пасля індывідуальнага засяроджання над урыўкам Евангелля паводле Яна пра Езусе і самаранку была магчымасць падзяліцца сваёй духоўнай працай. Гэта было вялікім уражаннем, таму што маладыя дзяўчаты ахвотна гаварылі пра сваю “студню Сіхар”, “пусты збан”, а некаторых удзельніц кранулі словы Пана Езуса “Дай Мне піць”.
Дзень засяроджання завяршыўся знаёмствам са сведчаннем жыця благаслаўлёнай Рэгіны Протман, заснавальніцы супольнасці св. Катарыны. Задумваючыся над жыццярысам благаслаўлёнай, удзельніцы адзінадушна сцвердзілі, што яна была святлом, якое ўказвала на Бога і якое паказвае сучасным дзяўчатам шлях працы над сабой, у асабістай фармацыі дзень за днём.
Пасля вячэры ўсе сардэчна развіталіся, і нават дзяўчаты з крамяніцкай парафіі, якія ўжо на наступны дзень збіраліся сустрэцца ў школе, абдымаліся на развітанне.
Удзельніцы сустрэчы жадаюць, каб праз іх прагненні быў праслаўлены Езус.
Анастасія Мазец