Чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе ў 2019 годзе пройдзе ў Ульцыне ў Чарнагорыі з 25 лютага па 1 сакавіка. Ульцын знаходзіцца ля вусця ракі Баяны каля мяжы з Албаніяй, над Адрыятычным морам.
У спартыўным спаборніцтве, якое сёлета пройдзе ўжо ў 13-ы раз, прымуць удзел больш за 250 святароў з 17 каманд. Беларусь на чэмпіянаце прадставяць святары з Гродзенскай дыяцэзіі, у пашыраны склад каманды ўвойдуць 15 чалавек.
Зборная Беларусі трапіла ў групу „B“ разам з камандамі з Партугаліі, Босніі і Чарнагорыі.
“Кожны год мы выязджаем з добрым намерам і жаданнем заняць як мага больш высокія месцы”, – адзначае ў гутарцы з Grodnensis.by кс. канонік Павел Салабуда, капітан каманды i адказны за зборную.
Ён дадае, што, як і ў мінулыя гады, пачынаючы з верасня, у святароў кожны тыдзень былі трэніроўкі, якія праходзілі пад кіраўніцтвам прафесійнага трэнерa – Андрэя Багдзевіча, кіраўніка клуба па міні-футболе “Лідсельмаш”. Аднак, нягледзячы на ўсё, многае залежыць ад жараб’ёўкі каманд.
“У гэтым годзе нам не пашанцавала з жараб’ёўкай, бо ў нашай групе Партугалія, Боснія і Чарнагорыя, – кажа кс. Салабуда. – Партугалія і Боснія сем гадоў заўсёды даходзяць да фіналу або паўфіналу, гэта моцныя каманды, але і Чарнагорыя – гаспадар сустрэчы, які, напэўна, збярэ ў сваёй краіне найлепшых гульцоў, а таксама будзе мець шмат балельшчыкаў”.
Капітан тлумачыць, што з групы далей выходзяць толькі дзве каманды, а гэта можа быць цяжка. “Але мы не губляем надзеі і хочам у гэтым годзе таксама выступіць як найлепш. Мы гатовыя!” – упэўнена дадае ён. Па яго словах, важная таксама братэрская сустрэча са святарамі ўсёй Еўропы, дзе можна падзяліцца досведам штодзённага служэння ў сваёй краіне, і новыя кантакты.
Выступленні нашых святароў на чэмпіянатах Еўропы:
2011 год, Польшча — 13 месца
2012 год, Венгрыя — 8 месца
2013 год, Славенія — 9 месца
2014 год, Беларусь — 4 месца
2015 год, Аўстрыя — 10 месца
2016 год, Славакія — 6 месца
2017 год, Харватыя — 15 месца
2018 год, Італія — 10месца.
2019 год, Чарнагорыя — ?
Жадаем камандзе нашых святароў годна прадставіць нашу краіну і дасягнуць як мага лепшых вынікаў!
Kс. Юрый Марціновіч