24 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога біскупа Жэневы – Францішка Сальскага, які з’яўляецца апекуном салезіянскай сям’і.
Па гэтай прычыне ў парафіі Святога Арханёла Міхала ў Смаргоні, дзе служаць ксяндзы салезіяне (SDB) і дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў (FMA), гэты дзень стаў сапраўдным святам, якое распачалося з супольнага перажывання Эўхарыстыі.
Уся салезіянская сям’я Смаргоні – святары, сёстры законныя, салезіяне-супрацоўнікі, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў – сабраліся ў парафіяльнай святыні, каб дзякаваць Пану Богу за такога магутнага заступніка.
Пробашч кс. Алег Жураўскі SDB, звяртаючыся да прысутных, успомніў словы Хрыста: “Вы – святло свету”, і, кажучы пра святога біскупа, адзначыў: “Ён свяціў так, як свеціць велізарнае вогнішча. Усе збіраліся вакол яго, гледзячы на яго пабожнасць, на яго жыццё і ў гэты час навярталіся да Пана. Менавіта на гэтае святло спадзяваўся св. Ян Боско, выбіраючы заступніка для ўсёй салезіянскай сям’і, святло, якое будзе трымаць яе блізка да Бога”.
Добры пастыр Францішак здабыў шмат душ для Пана дзякуючы сваёй ветлівасці, шчырасці і лагоднай усмешцы. Таму яго называюць “мядовы доктар”. З вялікай удзячнасцю Богу за Яго любоў і штодзённую апеку, а таксама за дар такога апекуна члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў і сёстры салезіянкі прыняслі ў працэсіі дары – мёд, пчаліныя соты, васковую свечку, выяву св. Францішка Сальскага, хлеб і віно. Многія вернікі прынеслі ў святыню мёд для благаслаўлення.
Усе разам прасілі, каб Пан Бог праз заступніцтва св.Францішка Сальскага напоўніў гэты дар пчалінай і людской працы знакам сваёй прысутнасці. Напрыканцы Імшы адбылося благаслаўленне пчаляроў.
Святы Францішак Сальскі, нягледзячы на многія жыццёвыя выпрабаванні, казаў, што радасць адкрывае сэрцы на Божыя ласкі і на любоў, а смутак закрывае іх. Падсілкаваныя радасцю сустрэчы з Хрыстом, вернікі парафіі накіраваліся ў араторый на свята “Мядовы фэст”.
Члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў, сёстры салезіянкі і ксяндзы салезіяне падрыхтавалі святочную праграму для старэйшага пакалення парафіянаў, і вельмі халодны зімовы вечар незаўважна для ўсіх ператварыўся ў сонечны летні поўдзень, калі працавітыя пчолкі пералятаюць з кветкі на кветку, а працавітыя людзі радуюцца магчымасці адпачыць. Свята завяршылася супольнай вячэрай з блінамі, мёдам і іншымі прысмакамі, якія гаспадары і гаспадыні прыняслі, каб пачаставаць адзін аднаго.
Наталля Субко, член Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў
Фота: с. Ірына Барцэвіч FMA