У Панаме, дзе зараз праходзяць 34-я Сусветныя дні моладзі, пануе вельмі добрая атмасфера. На кожным кроку фактычна ўсё нагадвае пра сустрэчу моладзі: білборды, рэклама, тавары ў крамах, тысячы людзей з тварамі розных колераў, сцягі…
Людзі, якія прымаюць удзельнікаў СДМ у сваіх дамах, вельмі адкрытыя і сардэчныя. Вельмі часта яны паўтараюць:
“Мы тут, каб вам служыць, і Пан Бог паставіў вас на нашым шляху, каб даць нам гэтую цудоўную і нештодзённую магчымасць вучыцца служэнню”.
Трэба падкрэсліць, што жыхароў Панама-Сіці, якія хацелі прыняць маладых людзей у свае дамы, было значна больш. Ніхто з удзельнікаў сустрэчы не застаўся пад адкрытым небам! Кожны атрымаў бяспечнае жыллё, пасяліўшыся ў сям’і. Аб кожным клапоцяцца як аб уласным сыне ці дачцэ! Клапоцяцца незвычайна, паўсюль падвозяць, частуюць ежай, якой мноства. Некаторыя панамцы былі сумныя, што для іх не засталося пілігрымаў.
Рэлігійнасць і выражэнне веры гэтых людзей вельмі адрозніваецца ад таго, як гэта існуе ў нас, але яны сапраўды надзвычай рэлігійныя. Самі ж жыхары кажуць, што для Панамы Сусветныя дні моладзі – вялікі гонар і надзея, каб змяніліся некаторыя рэчы, звязаныя з сітуацыяй у гэтым рэгіёне.
Перадаючы прывітанні ўсім, хто нас падтрымлівае сваёй малітвай і спадарожнічае нам духоўна, жадаем і далей годна прадстаўляць нашу краіну на гэтым свяце радасці моладзі з усяго свету. Хочам чэрпаць з гэтай крыніцы, якой з’яўляецца малады Касцёл. Хочам зачарпнуць гэтай радасці, згоды духу і спазнаць жывы Касцёл, які прагне любові і жадае несці яе далей.
Kс. Ян Раманоўскі