Skip to main content

Фотапрывітанне з Панамы: катэхеза біскупа Станеўскага і малітва за каталіцкія СМІ

sdm katehezy 124 студзеня катэхезу на тэму "Вось я, слуга Пана", у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Бразіліі і мясцовыя маладыя людзі, правёў для ўдзельнікаў 34-х Сусветных дзён моладзі ў Панаме біскуп Юзаф Станеўскі.

Іерарх, які ў епіскапаце нашай краіны адказвае за пастырства моладзі, прапанаваў засяродзіцца на далейшых словах, якія Марыя сказала арханёлу Габрыэлю і якія сталі дэвізам сёлетняга сусветнага моладзевага форуму.

Біскуп адзначыў, што слуга – гэта той, хто служыць, і вельмі часта гэта асацыюецца з выкананнем самай мізэрнай працы, калі робяць усё пад вялікім ціскам і з боязі.

Па яго словах, Езус Хрыстус прыйшоў у свет не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць самому, і сляды гэтага бачныя на старонках Святога Пісання, асабліва ў евангельскай сцэне ў вячэрніку, дзе Настаўнік з Назарэта мые ногі вучням.

sdm katehezy 8

Біскуп звярнуў увагу, што без любові нельга зразумець учынку Хрыста, які, прыніжаючы сябе, прыняўшы постаць слугі, быў узвышаны над усім стварэннем.

Іерарх падкрэсліў, што служэнне мае крыніцу ў любові, а нават можна сказаць, што слова “служэнне” ў Пісанні – сінонім слова “любоў”. “Бо, калі любоў – гэта даваць сябе, узаемна даваць сябе праз асобу, то такая любоў ва ўчынку, на практыцы, павінна выяўляцца ў служэнні, у спаўненні волі іншага чалавека, у пошуку таго, што з’яўляецца для яго дабром, чаго ён жадае”, – дадаў ён.

Пасля катэхезы маладыя людзі распавялі, як у сваім жыцці атрымалі дар любові ад іншых людзей, якія ім служылі. Таксама яны дзяліліся пачуццямі ад таго, калі ў розных сітуацыях дапамагалі іншым.

Біскуп адзначыў, што сёння такімі слугамі для ўдзельнікаў СДМ з Беларусі з’яўляюцца тыя, хто адчыніў ім дзверы сваіх дамоў, каб прыняць іх.

Потым адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. Падчас яе ўдзельнікі асабліва маліліся аб тым, каб маладыя людзі ўсяго свету маглі выконваць тое, чаго Хрыстус патрабуе ад іх і да чаго натхняе.

Таксама праз заступніцтва св. Францішка Сальскага, успамін якога быў у гэты дзень, маліліся за ўсіх працаўнікоў сродкаў масавай камунікацыі. З гэтай нагоды біскуп Станеўскі перадаў прывітанне і віншаванні ўсім людзям, звязаным з каталіцкімі медыя нашай краіны.

“Няхай ваш заступнік святы Францішак Сальскі дапамагае ў перадачы Добрай Навіны, бо вы таксама з’яўляецецся слугамі Божай любові. Няхай Бог вас благаславіць”, – сказаў іерарх.

Kс. Юрый Марціновіч