У Панаме працягваюцца 34-я Сусветныя дні моладзі, у якіх удзельнічаюць нашы прадстаўнікі, у тым ліку дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, aдказны за моладзь у епіскапаце нашай краіны.
У размове з grodnensis.by іерарх адзначыў, што поўны здзіўлення ад столькіх маладых людзей, якія прыбылі з больш чым 150 краін і якія сваёй прысутнасцю робяць панамскую зямлю больш багатай і маладой.
“Моладзь сваёй прысутнасцю тут дае гэтай краіне вялікую перспектыву і нясе ёй надзею. Яна паказвае жыхарам гэтай краіны, што не ўяўляе свайго жыцця без Бога”, – сказаў біскуп.
23 студзеня біскуп Станеўскі правёў першую катэхезу, у якой прыняла ўдзел моладзь з Беларусі, Расіі, Бразіліі і мясцовыя маладыя людзі.
Тэмай катэхезы сталі першыя словы дэвізу сёлетніх СДМ “Вось я…”, якія былі прамоўлены Марыяй падчас звеставання.
У сваёй канферэнцыі іерарх адзначыў, што сучасны чалавек лягчэй чуе фізічны голас, які да яго звяртаюць блізкія, знаёмыя, а складаней яму пачуць голас унутраны, распазнаць Божы голас ва ўсёй мітусні штодзённасці і свайго атачэння.
Біскуп звярнуў увагу на асобу Панны Марыі як узор Маці, асобы веруючай, хрысціянкі, якая дапамагае сучасным людзям адкрыць сэнс жыцця, веры, Божага паклікання, якое дазваляе жыць і адказваць так, як Яна.
Звяртаючыся да моладзі, іерарх падкрэсліў, што чалавек ХХІ стагоддзя патрабуе таго, каб адкрыць сваё пакліканне і споўніць сваю жыццёвую місію, весці жыццё, адкрытае на дыялог і сустрэчу, як Марыя.
24 і 25 студзеня біскуп Юзаф Станеўскі правядзе чарговыя катэхезы, падчас якіх засяродзіцца на наступных словах дэвізу сёлетніх СДМ.
Kс. Юрый Марціновіч