Да нас прыходзяць чарговыя навіны ад групы маладых людзей, якія прадстаўляюць нашу Гродзенскую дыяцэзію, а разам з тым увесь Каталіцкі Касцёл у Беларусі, на Сусветных днях моладзі ў Панаме.
Працягваюцца дыяцэзіяльныя дні моладзі, якія праходзяць для нашай групы ў дыяцэзіі Калона – Куна-Яла ў горадзе Калон у парафіі Св. Рыты на атлантычным беразе Панамскага канала.
Як паведаміў grodnensis.by дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які суправаджае нашу моладзь, 18 студзеня быў днём спартыўных спаборніцтваў, а таксама ўдзелу ў экалагічнай акцыі, якая засноўвалася на ўборцы вёскі, якая стала месцам часовага пражывання маладых людзей.
“Удзел у экалагічнай акцыі меў на мэце абудзіць і ўмацаваць экалагічную свядомасць жыхароў гэтай вёскі і моладзі, якая там прабывае, а таксама схіліць да адчування адказнасці за асяроддзе, у якім нам даводзіцца жыць”, – адзначыў іерарх.
Біскуп дадае, што разам з тым гэта час знаёмства з мясцовай культурай і людзьмі, але і досведу паўсюднасці Касцёла. Акрамя таго, моладзь штодзённа ўдзельнічае ў катэхезе, святой Імшы і сустрэчах у групах.
“Гэты час сапраўды прыносіць добрыя плёны ў жыцці ўдзельнікаў”, – падкрэслівае іерарх.
Елізавета Богуш з Гродна чарговы дзень свайго прабывання ў Панаме распачала са смачнага сняданку: піражкоў з кукурузнай мукі з сачавіцай у сярэдзіне. “Гучыць дзіўна, але смачна, і гэта добра”, – кажа дзяўчына. Скончыўся ж яе дзень паездкай на Карыбскае мора, якую прапанавала сям’я, дзе яна пражывае, а потым – смачнай калумбійскай піцай.
“І хоць нам усё яшчэ цяжка разумець адзін аднаго, мы, нягледзячы на ўсё, спрабуем, шукаем спосабы і знаёмімся адзін з адным”, – дадае Елізавета.
19 студзеня група нашай моладзі сустрэнецца з мясцовым біскупам. Увесь наступны дзень яна правядзе з сем’ямі, якія яе прымаюць, а затым накіруецца на сустрэчу з Папам Францішкам у Панама-Сіці.
Kс. Юрый Марціновіч