Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць Святой Сям’і адбылася ў Лідзе

lida sw sm 3030 снежня лідская парафія Святой Сям’і адзначыла сваю парафіяльную ўрачыстасць. Галоўную адпустовую Эўхарыстыю, на якой сабраліся шматлікія вернікі і святары, ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На пачатку Імшы ўсіх гасцей прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Ганьчыц, аднакурснік біскупа Юзафа Станеўска, з якім разам атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Пробашч распавёў прысутным пра сутнасць свята Святой Сям’і і парафіяльнага адпусту.

У гаміліі біскуп Станеўскі засяродзіў увагу на постацях маленькага Езуса Хрыста, Маці Божай і св. Юзафа. Іерарх заахвоціў браць прыклад сямейнага жыцця са Святой Сям’і.

“Сям’я – першая школа жыцця. З яе павінна пачынацца фармацыя кожнай асобы”, – сказаў біскуп.

Да сем’яў іерарх звярнуўся са словамі: “Трэба старацца, каб у нашых сем’ях было месца прабачэнню адзін аднаму, павагі паміж сужэнцамі; а ўсёй сям’ёй каб кіравала любоў, якая аб’ядноўвае, лечыць і перамяняе сэрцы”.

Падчас урачыстасці таксама адбылося благаслаўленне новых канфесіяналаў, якое здзейсніў біскуп Юзаф Станеўскі, а пробашч праз удзяленне сакрамэнту хросту далучыў да супольнасці Касцёла двух маленькіх хлопчыкаў.

На заканчэнне Імшы біскуп удзяліў благаслаўленне сем’ям і пажадаў усім Божых дароў на шляху да святасці і рэалізацыі свайго паклікання.

“Няхай Святая Сям’я з Назарэта паселіцца ў вашых сем’ях”, – падсумаваў іерарх.

Aндрэй Юхнік, семінарыст