“Вось Пан Бог надыходзіць...” – спявалі падчас раратніх Імшаў, чакаючы прыйсця Збаўцы, вернікі парафіі ў Суботніках (Іўеўскі дэканат). І гэты радасны і шчаслівы час настаў.
Мноства вернікаў ва ўрачыстасць Божага Нараджэння сабралася ў касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках і ў капліцы Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі: парафіяне, госці з суседніх парафій і з-за межаў Беларусі прыйшлі да ясляў, каб аддаць хвалу Нованароджанаму Езусу, каб Бог, які нарадзіўся шмат гадоў таму ў бэтлеемскай стайні, у гэтую ноч нарадзіўся і ў іх сэрцах.
Урачысты спеў “Сярод начной цішы” абвясціў усім аб з’яўленні на свет Бога і Збаўцы ў выглядзе безабароннага Дзіцяці.
Перад святой Імшой была благаслаўлёна фігурка маленькага Езуса ў яслях, куды падчас літургіі раз-пораз падбягалі самыя малодшыя вернікі, якія, можа, яшчэ не зусім добра разумелі, што адбываецца, але з цікавасцю і замілаваннем паглядалі на Збаўцу. Сэрцы поўніліся радасцю і супакоем.
Пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч прамовіў у гаміліі аб тым, што Бог сышоў на зямлю ў выглядзе чалавека, каб збавіць свет ад граху, каб кожны з нас мог нарадзіцца ў Божым Валадарстве ў небе. Святар заклікаў, каб мы ніколі на закрывалі сэрцы на бліжніх і нават праз маленькія ўчынкі напаўнялі жыццё іншых людзей радасцю.
На заканчэнне святочнай Эўхарыстыі былі прачытаны віншаванні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на святы Божага Нараджэння і Новы год Панскі 2019, а таксама віншаванні ад прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.
Людміла Пясецкая