Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на падставе канона 87, §1 Кодэкса кананічнага права вызваліў ад абавязку ўстрымання ад мясных страў вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ў пятніцу ў актаву Нараджэння Пана (у бягучым годзе – 28 снежня).
Карыстаючыся гэтым паслабленнем, трэба памаліцца любой малітвай у інтэнцыях Святога Айца.
Тлумачэнне:
Згодна з Кодэксам кананічнага права пятнічнае ўстрыманне ад мясных страваў прынцыпова не абавязвае ў трох выпадках: a) у пятніцу, калі прыпадае ўрачыстасць (канон 1251); б) дзень у рангу ўрачыстасці (напр., пятніца ў актаву Вялікадня); c) калі будзе ўдзелена вызваленне згодна з прадпісаннем кананічнага права (канон 87 § 1).
У літургічным годзе ёсць дзве актавы, якія маюць розны ранг. Актава Вялікадня мае ранг урачыстасці, а актава Нараджэння Пана – ранг свята, што было акрэслена ў “Табелі першынства літургічных дзён”, што змяшчаецца ў “Агёльных нормах літургічнага года і календара” ў Рымскім Імшале. Таму актава Нараджэння Пана, маючы ранг свята, а не ўрачыстасці, не адмяняе абавязку ўстрымання ад мясных страў у пятніцу.
Кс. Юрый Марціновіч