Skip to main content

Аплаткавая сустрэча хакейнай каманды “Нёман” адбылася ў Гродне

hakej apl 34Напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святочная сустрэча хакейнай каманды “Нёман”. Падчас сустрэчы спартсмены падзяліліся аплаткай.

Арганізатарам сустрэчы выступіў душпастыр спартсменаў у Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей, якому дапамог семінарыст Віталій Гурэц, а яе ганаровым госцем стаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Першым этапам была экскурсія. Дзяцей і іх бацькоў сустрэлі каля ўваходу ў семінарыю. Віталій Гурэц пазнаёміў іх з багатай і цікавай гісторыяй гэтай духоўнай навучальнай установы.

У будынку семінарыі яны сустрэліся з першым яе выпускніком – біскупам Юзафам Станеўскім, які таксама распавёў некалькі цікавых гісторый са свайго семінарыйнага жыцця.

hakej apl 24

Пасля госці мелі магчымасць пабываць у самым старым касцёле горада Гродна, які носіць тытул Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім), і пазнаёміцца з яго захапляючай архітэктурай.

Кульмінацыяй было дзяленне аплаткай з біскупам Станеўскім у семінарыйнай капліцы. Біскуп выказаў свае пажаданні маладым хакеістам і іх бацькам, а таксама нагадаў, каб яны памяталі не толькі пра матэрыяльнае дабро, але і пра сваю духоўнасць.

Потым госці былі запрошаныя ў семінарыйную сталоўку на гарбату, дзе будучым зоркам хакею ўручылі падарункі.

Віталій Гурэц, семінарыст
Фота: семінарыст Мікіта Барташэвіч