У снежні выйшаў у свет зборнік па навукова-тэалагічнай праблематыцы “Studia Theologica Grodnensia”, выдадзены Гродзенскай дыяцэзіяй. Гэта ўжо 12-е выданне, якое змяшчае прафесийныя працы аўтараў, што з’яўляюцца вядучымі спецыялістамі ў сваіх галінах навукі.
Зборнік уключае артыкулы на чатырох мовах – польскай, беларускай, рускай, італьянскай – i складаецца з трох раздзелаў: першы – раздзел даследаванняў і артыкулаў, другі прысвечаны надзвычай важнай у жыцці лакальнага Касцёла падзеі – першаму Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі, трэці змяшчае рэцэнзіі.
Між іншым, у новым выданні можна знайсці артыкул кс. Віталія Сідоркі, які ў снежні гэтага года абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Прадметам аналізу ў змешчаным артыкуле святара стала фарміраванне дэканальнай сеткі Гродзенскай дыяцэзіі. Аўтар паказвае, як змянялася з цягам часу не толькі тэрытарыяльная канфігурацыя дэканатаў, але і само разуменне функцыі дэкана. Аабавязкі дэкана, якія спачатку былі выключна адміністрацыйна-прадстаўніцкімі, эвалюцыянавалі ў напрамку больш цеснага супрацоўніцтва з біскупам і ўдасканалення душпастырскай дзейнасці па-за парафіяй.
У наступным артыкуле кс. Сідоркі, змешчаным у зборніку, аўтар знаёміць чытачоў з самымі вядомымі санктуарыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Як адзначае святар, пераважная большасць з іх звязана з культам Найсвяцейшай Панны Марыі, што мае традыцыйны характар і цесна злучана з народнай пабожнасцю на дадзенай тэрыторыі.
Рэдакцыйная калегія заахвочвае да супрацоўніцтва таксама ўсіх, хто жадаў бы падзяліцца з шырокай грамадскасцю здабытымі ведамі, вынікамі ўласнага aналізу і навуковых даследаванняў. “Мы застаемся адкрытымі на супрацоўніцтва з кожным аўтарам, які жадае падзяліцца з шырокай аўдыторыяй вынікамі сваіх навуковых пошукаў і даследаванняў, і спадзяемся, што дзякуючы вашаму ўдзелу наступныя нумары стануць яшчэ больш цікавымі, разнастайнымі па тэматыцы і адпавядаючымі чаканням нашых паважаных чытачоў”, – адзначаецца ва ўступе.
Зборнік навуковых артыкулаў “Studia Theologica Grodnensia” заснаваны ў 2007 г. Iніцыятарам дадзенага навуковага выдання – першага такога роду як у Касцёле на Гродзеншчыне, так і ў Касцёле ў Беларусі – з’яўляецца біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Кс. Юрый Марціновіч