19 снежня ў парафіі Святой Сям'і ў Лідзе адбылася аплаткавая сустрэча святароў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Духоўныя асобы сустрэліся, каб перад святамі Божага Нараджэння выказаць адзін аднаму віншаванні.
Сустрэча пачалася канферэнцыяй, з якой выступіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святар падкрэсліў значэнне супольнасці, якую будуюць духавенства і сёстры законныя, утвараючы Касцёл на Гродзеншчыне. “Мы бачым веру нашых вернікаў, веру, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. Веру моцную, але якая адначасова патрабуе ачышчэння і ўзрастання. Мы не можам знішчыць гэтага багацця”, – адзначыў ён, заклікаючы таксама, каб духоўныя асобы сваімі штодзённымі ўчынкамі і служэннем не расчароўвалі Езуса Хрыста.
Ад імя ўсіх святароў і сясцёр законных дыяцэзіі віншаванні прысутнаму на сустрэчы біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу выказаў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. Святар адзначыў, што блізкія святы Божага Нараджэння – нагода, каб “адкрыць праўду, што Езус Хрыстус з’яўляецца Богам для нас”.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў усяму духавенству і сёстрам дыяцэзіі за ахвярнае служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях і за ўсе душпастырскія ініцыятывы. “Дзякую вам за тое, што сваім штодзённым адданым служэннем узбагачаеце Касцёл на Гродзеншчыне”, – дадаў іерарх. Ён пажадаў, каб новы 2019 год Панскі прынёс у жыцці кожнага святара і законнай сястры плён Божай ласкі, а запал і руплівасць працягвалі ўсім спадарожнічаць.
Святары Гродзенскай дыяцэзіі, утвараючы вялікую асаблівую “святарскую сям’ю”, і законныя сёстры ў гэты дзень дзяліліся аплаткай і выказвалі адзін аднаму святочныя віншаванні.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксандра Шчыглінская