24 лістапада ва ўзросце 82 гадоў адышоў у вечнасць кс. Казімір Вальчук, салезіянін, які шмат год быў місіянерам на беларускай зямлі. Кс. Казімір нёс паслугу на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі 21 год, спаўняючы абавязкі пробашча ў парафіях у Мураванай Ашмянцы, Дзятлаве і Нястанішках. З-за цяжкога стану здароў’я святар быў вымушаны пакінуць Беларусь. Апошнія гады жыцця ён прабываў у Польшчы ў Саколуве-Падляскім, дзе і адышоў у жыццё вечнае.
Пахавальныя ўрачыстасці адбыліся 29 лістапада ў парафіяльнай святыні св. Яна Боско ў Саколуве-Падляскім. Вернікі разам са шматлікімі святарамі і манаскімі асобамі сабраліся вакол алтара, каб маліцца разам за душу памерлага салезіяніна падчас пахавальнай Эўхарыстыі. Св. Імшу ўзначаліў біскуп Антоні Дыдыч OFMcap, драгічынскі ардынарый на пенсіі. Слова Божае падчас пахавання прамовіў пляменнік памерлага, які таксама з’яўляецца святаром. На Эўхарыстыі прысутнічала 47 ксяндзоў, клерыкі з кракаўскай семінарыі, сярод якіх быў дк. Артур Ляшнеўскі SDB, а таксама сёстры з розных кангрэгацый.
На цырымонію пахавання прыбылі салезіяне з Беларусі - кс. канннонік Здзіслаў Вэдэр SDB і кс. Казімір Мурава SDB. Развітацца з памерлым прыехалі святары, якія калісьці абслугоўвалі беларускія салезіянскія парафіі - кс. Станіслаў Лугоўскі SDB, кс. Люцыян Дамброўскі SDB, кс. Генрых Багушэўскі SDB, кс. Бэрнард Калінскі SDB і кс. Веслаў Дамброўскі SDB. Ксёндз каннонік Здзіслаў Вэдэр SDB прачытаў ліст біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, у якім іерарх выразіў словы спачування і абяцаў сваю малітву за душу памерлага. У сваю чаргу біскуп Антоні Дыдыч у прамове на завяршэнне Эўхарыстыі заклікаў прысутных да малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў у Беларусі.
Пасля Імшы пад гукі касцёльных званоў цела памерлага ва ўрачыстай працэсіі было перанесена на парафіяльныя могілкі, у салезіянскі склеп. На заканчэнне заспявалі традыцыйны салезіянскі спеў “Спрадвеку верных клічам Успамогай”, аддаючы душу святой памяці кс. Казіміра Вальчука SDB апецы Наймілейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Паводле sdb.by