Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі традыцыйна перад святамі Божага Нараджэння распачало штогадовую дабрачынную акцыю “Калядная свечка”. Сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу сацыяльна неабароненым дзецям.
Дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. доктар Раман Рачко адзначыў, што сабраныя ахвяраванні будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе: сіротам, паўсіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі з інваліднасцю.
Штогод дзякуючы служэнню “Карытас” сотні дзяцей маюць магчымасць удзельнічаць у летніх аздараўленчых лагерах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, удзельнічаць у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, у спецыяльных святах, атрымліваць адрасную дапамогу.
З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, і далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.
Свечкі належыць запаліць у вігілійны вечар, каб такім сімвалічным чынам у гэты асаблівы час атачыць сваімі малітвамі і памяццю тых, хто патрабуе ўвагі і дапамогі.
“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі заахвочвае ўсіх вернікаў згодна са звычаем мінулых гадоў далучыцца да гэтай прыгожай справы, каб шмат бедных і патрабуючых людзей магло спазнаць хаця б крыху дабрыні і адчуць атмасферу святаў Нараджэння Пана і Новага года.
Дабрачынная акцыя “Калядная свечка” праходзіць у Беларусі ўжо многія гады. З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш людзей, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.
Кс. Юрый Марціновіч