25 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якая лічыцца таксама “нядзеляй пакліканняў”, студэнты і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне выехалі ў парафіі Гродзенскай дыяцэзіі. Наведваючы парафіяльныя супольнасці, яны маліліся разам з вернікамі, каб сведчыць аб пакліканні і дзейнасці семінарыі, а таксама падзякаваць за ахвяраванні і малітвы ў інтэнцыі пакліканняў.
Семінарыйны музычны гурт “AVE” разам з рэктарам кс. Віталіем Вайцяхоўскім меў магчымасць раздзяліць радасць урачыстасці з парафіяльнай супольнасцю ў парафіi Св. апостала Якуба ў Цудзенішках (Ашмянскі дэканат).
Семінарысты падрыхтавалі разважанні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой маліліся з усёй парафіяй аб святых пакліканнях з нашых земляў і праслаўлялі меладычным спевам Езуса Хрыста Валадара Сусвету.
Пасля адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Вайцяхоўскі. Падчас св. Імшы быў прачытаны ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на нядзелю Хрыста Валадара.
На заканчэнне ўрачыстасці адбыўся музычны канцэрт гурта “AVE”. Падчас канцэрта семінарысты выканалі творы са сваіх альбомаў, заахвочваючы да сумеснага праслаўлення Пана спевам.
Па словах парафіянаў, гэты дзень надоўга застанецца ў іх памяці, як і ў памяці семінарыстаў, якія ўдзячныя пробашчу парафіі кс. Юрыю Ёдзіку за запрашэнне і сардэчны прыём.
Aндрэй Юхнік, семінарыст
Фота: Юлія Забельская