20 лістапада прайшоў другі дзень "Тыдня талентаў" пад дэвізам "Бог ствараў, а мы творым". Ён быў прысвечаны рукадзеллю. Вечар традыцыйна распачаўся св. Імшой і адмысловай малітвай. Гэтым разам майстрыцы здзіўлялі ўсіх сваімі творамі. Была арганізавана выстава прац, прадстаўлена прэзентацыя з фотаздымкамі рэчаў, створаных залатымі рукамі ўдзельніц. Кожная крыху распавяла пра сваё хобі.
На сустрэчу запрасілі педагога з дзіцячага карэкцыйнага цэнтра, якая прадэманстравала вырабы, зробленыя разам з дзецьмі-інвалідамі. Дарэчы, у нядзелю будзе праходзіць дабрачынная латарэя, падчас якой можна будзе выйграць згаданыя вырабы. Атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу хворым дзецям.
Кульмінацыяй вечара стала правядзенне некалькіх майстар-класаў: па вырабе ружанцаў-бранзалетаў, брошак з бісеру, модульных арыгамі і дэкупажу на ёлачных шарах. Кожны змог знайсці сабе занятак па душы. Усе моцна захапіліся працэсам, з цікавасцю асвойвалі новыя тэхнікі. Вечар скончыўся супольнай малітвай і благаслаўленнем на далейшае адкрыццё і развіццё талентаў, падораных Богам.
Чакаем новых удзельнікаў!
Ганна Паўловіч