Skip to main content

Супольнасць гродзенскай семінарыі памалілася за памерлых

wds malitwa 11Перажываючы актаву Усіх Святых, Касцёл асаблівым чынам узносіць малітвы за ўсіх верных памерлых, каб яны як мага хутчэй змаглі дасягнуць вечнага шчасця і бачыць Божае аблічча. 

На працягу васьмі дзён супольнасць семінарыі ў Гродне падчас святой Імшы і Літургіі Гадзінаў малілася за памерлых святароў і біскупаў, выхавацеляў і выкладчыкаў, семінарыстаў, ахвярадаўцаў, працаўнікоў і ўсіх людзей добрай волі, якія ў свой час належалі да семінарыйнай сям’і або былі неяк звязаны з ёю.

У апошні дзень актавы, 8 лістапада, Эўхарыстыю за ўсіх блізкіх семінарыі памерлых узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх падкрэсліў важнасць малітвы за сваіх настаўнікаў у веры, што пацвярджае св. апостал Павел, і значнасць памяці аб сваіх родных, якія адышлі па ўзнагароду да Пана.

Таксама вечарам біскуп узначаліў цэлебрацыю Нешпараў за памерлых, падчас якіх зачытваліся імёны ўсіх, хто прычыніўся да заснавання і развіцця Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Актава Усіх Святых – гэта добры час, дадзены Богам, калі мы маем магчымасць адпушчэння караў за грахі пры пэўных умовах.  Разважаючы над Божым словам, мы прыходзім да выніку, што малітва за памерлых – святая і пабожная справа, пра якую мы павінны заўсёды памятаць.

Андрэй Юхнік