Канікулы для дзяцей прайшлі ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі св. Міхала Арханёла з 29 кастрычніка па 2 лістапада. На працягу тыдня дзеці разважалі над тэмай: “Як малы, так і вялікі, можа быць святым”.
Дапамагалі с. Валянціне Кот FMA і с. Юліі Клявец FMA кандыдаты і памочнікі аніматараў, якія разам з дзецьмі разважалі над прыкладам святых, а таксама мелі магчымасць адпачыць як фізічна, так і духоўна.
Св. Дамінік Савіо і бл. Лаўра Вікунья дапамаглі дзецям пазнаць, хто такі святы. З дапамогай дзяцей з Фацімы ўдзельнікі пазналі, што такое малітва і разважалі, якое месца яна займае ў іх жыцці. Гледзячы на прыклад св. Яна Паўла II, дзеці больш задумаліся над сэнсам працавітасці і разважалі, якая ад яе можа быць карысць. Таксама яны бліжэй пазнаёміліся са св. Станіславам Косткай, вучачыся праз яго прыклад ставіць канкрэтныя мэты ў сваім жыцці.
Дзень пачынаўся са св. Імшы, пасля чаго дзеці глядзелі фільмы пра святых, а пасля больш падрабязна разважалі над тэмай дня падчас працы па групах. Таксама дзеці развівалі свае здольнасці ў гуртках, маліліся і гулялі.
У апошні дзень маленькія вернікі наведалі могілкі, дзе разам з сёстрамі і аніматарамі ўшанавалі памерлых праз малітву Ружанец.
На завяршэнне канікул дзеці атрымалі салодкія падарункі. У сваю чаргу с. Валянціна Кот FMA падзякавала ўсім арганізатарам і заахвоціла імкнуцца да святасці ў паўсядзённым жыцці - малымі крокамі праз радаснае служэнне Богу і бліжняму.
Паводле sdb.by