5 лістапада наймалодшая група міністрантаў парафіі Святога Духа (Альшанка) у Гродне разам са сваім душпастырам кс. Андрэем Белаблоцкім удзельнічала ў дні духоўных разважанняў.
Сустрэча пачалася супольнай малітвай. Потым кс. Андрэй правёў канферэнцыю на тэму служэння і вернасці Хрысту. Святар заклікаў хлопцаў сведчыць сваім жыццём ва ўсіх абставінах, быць добрымі людзьмі і мець сэрцы, адкрытыя на Бога.
Затым міністранты сабраліся ля вогнішча, дзе былі розныя конкурсы і забавы.
На заканчэнне адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. канонік Павел Салабуда, пробашч парафіі. Пасля Імшы найлепшыя міністранты, якія ў кастрычніку рэгулярна ўдзельнічалі ў набажэнствах, атрымалі ўзнагароды.
У маладой парафіі больш за 80 міністрантаў, якія падзелены на маленькія групы, што маюць святых апекуноў у небе і апекуноў з ліку старэйшых міністрантаў. Кожны тыдзень хлопцы збіраюцца на невялікіх сустрэчах, каб вучыцца лепей служыць Богу. Таксама ў парафіі на сённяшні дзень 15 кандыдатаў у міністранты.
JM