26-28 кастрычніка ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для сем’яў. На сустрэчы сабраліся сужэнцы разам з дзецьмі з розных месцаў краіны.
Духоўную апеку над групай здзяйсняў кс. Віталій Сідорка, пробашч парафіі Св. Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка ў Лідзе. Святар таксама выступіў з канферэнцыяй. Гэтым разам канферэнцыя была прысвечана тэме “Паслухмянасць/непаслухмянасць. Грэх”.
Пасля канферэнцыі ўдзельнікі працягнулі абмеркаванне ў групах. На сустрэчы была магчымасць таксама начнога чування. Для сабраных гэтыя рэкалекцыі сталі дотыкам да святасці, прыклад якой пакінулі благаслаўлёная сястра Стэла і яе 10 паплечніц.
Цэнтральным момантам кожнага дня сустрэчы была святая Імша, падчас якой маліліся за сем’і ўдзельнікаў і ўсе сем’і Беларусі, каб яны былі поўныя любові, прабачэння, узаемаразумення.
Як адзначыла с. Марыянна Алешчык CSFN, кожны з удзельнікаў такіх сустрэч разумее, што сямейнае жыццё напоўнена радасцю сумеснага прабывання, але і цяжкасцямі. “Мы разам на нашых сустрэчах вучымся адзін у аднаго пераадольваць гэтыя цяжкасці, прабчаць і ісці наперад. Мы, сёстры назарэтанкі, вельмі рады, што сем’і хочуць будаваць свае адносіны, углядаючыся ў прыклад Святой Сям’і з Назарэта”, – дадала манахіня.
Для дзяцей і моладзі, якія прыбылі на рэкалекцыі са сваімі бацькамі, назарэтанкі падрыхтавалі асобную праграму. Быў час таксама на прабыванне разам і інтэграцыю.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Марыянна Алешчык CSFN