Skip to main content

Дыяцэзіяльная сустрэча членаў Жывога Ружанца прайшла ў Капцёўцы

kola ruzanca 2027 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы адбылася сустрэча членаў колаў Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, законныя сёстры, адказныя і ўдзельнікі гэтага ружанцовага малітоўнага руху з розных месцаў дыяцэзіі.

Ужо па традыцыі сустрэча была арганізавана кс. Міхалам Ластоўскім, дыяцэзіяльным мадэратарам супольнасці Жывога Ружанца і кусташам санктуарыя ў Капцёўцы. Святар сардэчна прывітаў прысутных, выказаўшы радасць, што з кожным годам “армія людзей, якія моляцца на ружанцы ў Гродзенскай дыяцэзіі, усё павялічваецца”.

Ружанец – малітва надзеі

Сустрэча пачалася малітвай на ружанцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікі маліліся за ўсіх членаў Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі, за жывых і тых, хто адышоў у вечнасць.

З канферэнцыяй на тэму “Ружанец – малітва у абарону ад зла і ўсіх небяспекаў” выступіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святар адзначыў, што малітва, аб якой шматразова прасіла сама Панна Марыя падчас аб’яўленняў у Фаціме, - вялікая абарона ад зла, якое пагражае чалавеку.

Ксёндз Сарэла дадаў, што малітва на ружанцы нясе чалавеку надзею, чалавек пачынае спазнаваць сапраўдны супакой, нават нягледзячы на цяжкія досведы і жыццёвыя выпрабаванні.

kola ruzanca 14

“Не раз у нашым жыцці мы губляем надзею, жыццё не з’яўляецца толькі задавальненнем, а пазначана многімі крыжамі, таму мы прыходзім на гэты Узгорак надзеі, бярэм у рукі ружанец і звяртаемся да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, якая нас цярпліва слухае”, - сказаў духоўны айцец семінарыі.

Святар заклікаў усіх прысутных атачыць свае думкі і сэрцы Ружанцам як непарушным шчытом, каб ён яшчэ больш, чым калісьці, яднаў усіх любоўю Езуса Хрыста.

Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх членаў ружанцовых колаў дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Ружанец злучае ў адно

Ксёндз Міхал Ластоўскі прысвяціў гамілію тэме выхавання маладых пакаленняў найперш да хрысціянскага жыцця, захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і перадачы прыгожых традыцый, сярод якіх малітва на ружанцы.

“Вучыце дзяцей любіць Бога, і тады яны будуць любіць вас”, – сказаў святар. Кусташ санктуарыя дадаў, што толькі тады, калі бацькі-хрысціяне пакажуць сваім дзецям шлях да Бога, яны могуць спадзявацца на павагу ад іх.

Па словах святара, важна, каб маладыя пакаленні бачылі сваіх бацькоў на малітве і з ружанцам у руках, бо гэтае прыгожае сведчанне застаецца ў памяці на ўсё жыццё і з’яўляецца паспяховай перадачай веры.

kola ruzanca 48

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў удзельнікам гэтай сустрэчы, падкрэсліваючы, што ружанцовая малітва аб'ядноўвае ўсіх у адзіную сям'ю Божых дзяцей, якія лічаць Марыю сваёй Маці.

Іерарх заклікаў прысутных “не стамляцца ў гэтай малітве Касцёла” i падзякаваў таксама ўсім, хто ў Гродзенскай дыяцэзіі падтрымлівае ружанцовую малітву і клапоціцца, каб больш людзей належала да колаў Жывога Ружанца. Ён падзякаваў дыяцэзіяльнаму мадэратару за арганізацыю сустрэчы і штодзённы клопат аб гэтай малітоўнай групе.

Сустрэча членаў ружанцовага малітоўнага руху Гродзенскай дыяцэзіі скончылася супольным абедам, які традыцыйна прыгатавалі гасцінныя жыхары Капцёўкі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Эліза Васілеўская