21 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу Святой Сям’і ў Старым Сяле. Сустрэча з вернікамі ў святыні прайшла з нагоды кананічнай візітацыі Слонімскага дэканату.
У размове з біскупам вернікі адзначылі, што ў сваіх малітвах да сённяшняга дня ўзгадваюць кс. Юзафа Файлера, былога пробашча дзярэчынскай парафіі, да якой належыць гэтая капліца. Менавіта па ініцыятыве кс. Файлера яна была пабудавана ў гэтай мясцовасці.
“Сёння для нас гэта асаблівае месца, якое мы вельмі цэнім, бо тут можам збірацца на супольнай малітве”, – сказала адна з парафіянак. Капліца была пабудавана і асвечана ў 1997 г.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў вернікам, якія збіраюцца ў гэтай капліцы, за іх клопат і апеку над святыняй. У інтэнцыі іх усіх ён узначаліў святую Імшу. У сваім слове, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, іерарх заклікаў служыць адзін аднаму, падкрэсліваючы, што прыгожы прыклад такога служэння даў нам Езус Хрыстус.
На памяць аб гэтай кананічнай візітацыі біскуп асвяціў новы крыж, устаноўлены каля капліцы.
Kс. Юрый Марціновіч