Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у піяраў у Шчучыне: малітва, любячае сэрца, уменне адмаўляцца ад уласных планаў

adpust ta1515 кастрычніка адпустовую ўрачыстасць адзначылі ў парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне, святары Шчучынскага дэканату і госці.

Святую Імшу ўзначаліў правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас, які прыбыў на ўрачыстасці 300-годдзя знаходжання піяраў у Шчучыне.

У гаміліі айцец правінцыял, кажучы пра апякунку парафіі св. Тэрэзу Авільскую, заўважыў, што, хоць яна жыла вельмі даўно, 500 гадоў таму, і нягледзячы на вялікую адлегласць паміж яе роднай Іспаніяй і Беларуссю, у яе ёсць шмат чаго сказаць людзям, якія жывуць тут і сёння. Пры гэтым святар падкрэсліў тры моманты, якія вынікаюць з яе жыцця.

adpust ta13

Па-першае, адзначыў ён, святая з’яўляецца вялікай настаўніцай малітвы, бо заахвочвае сучасных людзей, каб малітва была заўсёды нібы размовай з некім блізкім, пра каго мы ведаем, што ён нас любіць.

Па-другое, па словах айца правінцыяла, святая не мела спецыяльнай адукацыі, таму вучыць людзей, што для блізкай сувязі з Богам не патрэбныя навуковыя ступені, а толькі любячае сэрца. І па-трэцяе, падкрэсліў святар, апякунка шчучынскай парафіі сваім жыццём заахвочвае заўсёды прымаць Божую волю і ўмець адмаўляцца ад сваіх планаў.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі і настаяцель супольнасці піяраў у Шчучыне а. Вітольд Пяцельчыц SchP падзякаваў правінцыялу за тое, што ён узначаліў урачыстасць, і падзякаваў усім прысутным за дар супольнай малітвы.

adpust ta14

“Няхай нішто цябе не засмучае, няхай нішто не палохае. Усё мінае, толькі Бог нязменны. Цярплівасцю дасягнеш усяго, а таму, у каго ёсць Бог, нічога не бракуе. Бога аднаго дастаткова” (св. Тэрэза Авільская).

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Дзмітрый Дзікевіч