Skip to main content

Вернікі з Сапоцкіна прынялі ўдзел у дні Эўхарыстыі ў Сакулцы

sakulka sapockina37 кастрычніка група вернікаў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне прыняла ўдзел у Архідыяцэзіяльным дні Эўхарыстыі ў Сакулцы (Польшча), якая знаходзіцца побач з Гроднам.

Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі. На ёй сабраліся шматлікія вернікі з Беластоцкай архідыяцэзіі і пілігрымы з краіны і з замежжа.

Сёлета прыпадае 10-годдзе эўхарыстычнага цуду, які адбыўся ў кастрычніку 2008 г. Тады падчас удзялення святой Камуніі камунікант упаў на замлю. Святар, згодна з касцёльнай практыкай, змясціў яго ў невялікую пасудзіну з вадой каля табэрнакулюма. Аднак камунікант не распусціўся ў вадзе, а пачырванеў. Былі праведзены адпаведныя навуковыя даследаванні, у выніку якіх аказалася, што камунікант ператварыўся ў мышцу сэрца.

Пасля навуковых даследаванняў патамарфолагаў і заключэнняў спецыяльна прызначанай камісіі эўхарыстычны цуд у Сакулцы быў прызнаны на дыяцэзіяльным узроўні. На сённяшні момант старанна сабраны ўсе сведчанні атрыманых ласкаў і пацвярджэнні даследаванняў невытлумачальных з медыцынскага пункту гледжання аздараўленняў.

sakulka sapockina12

Рашэнні адносна пашырэння культу на ўвесь Касцёл прымае Апостальская Сталіца, якую рэгулярна інфармуюць адносна эўхарыстычнага культу і ласкаў, якія атрымліваюць вернікі ў гэтым месцы.

“Працэсы прызнання гэтага роду цудаў працягваюцца звычайна доўга. Падобных спраў у ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння вельмі шмат. Будучы ў верасні ў Рыме, я размаўляў аб гэтай справе – з нашага боку патрэбна яшчэ дапаўненне дакументацыі”, – тлумачыць арцыбіскуп Войда, кажучы пра эўхарыстычны цуд у Сакулцы.

Па словах іерарха, другасная справа, ці выкажацца і калі выкажацца Апостальская Сталіца ў гэтай справе. “Найважнейшае тое, каб трактаваць Эўхарыстыю так, як хоча гэтага Хрыстус. Калі сапраўды Эўхарыстыя цэнтр нашага жыцця, то тады, калі мы яднаемся з Хрыстом у святой Камуніі, прымаем Яго Цела і Кроў, то пасля Імшы сыходзім іншыя, перамененыя, лепшыя, узбагачаныя дарам Яго любові”, – адзначыў арцыбіскуп.

Варта дадаць, што пасля гэтага цуду ў Беластоцкай архідыяцэзіі жыва развіваецца эўхарыстычны культ, вернікі часцей удзельнічаюць у Імшы і прыступаюць да Камуніі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Тэрэса Марганская