Кожны год 3 кастрычніка, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага, усе францішканскія сем’і свету ўдзельнічаюць у спецыяльным літургічным набажэнстве “Transitus” (з лац. transitus — пераход), якое ўзгадвае момант смерці ці пераходу да вечнага жыцця “Патрыярха ўбогіх” – св. Францішка Асізскага.
Святы бядняк з Асзі памёр ноччу 3 кастрычніка 1226 года, ва ўзросце 45 гадоў. Дваццаць з іх ён пакутаваў, а два апошнія гады насіў на руках, нагах і баку раны Пана нашага Езуса Хрыста.
3 кастрычніка вечарам у гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай, дзе служаць айцы з Законy Братоў Меншых Канвентуальных (францішкане), адбылося ўжо традыцыйнае набажэнства “Transitus”.
Узначаліў набажэнства ля бакавога алтара св. Францішка а. Павел Раманчук OFMConv. Айцец Антоні Пажэцкі OFMConv, звяртаючыся да ўдзельнікаў набажэнства, адзначыў, што святы Францішак сёння дае чалавеку прыклад, як трэба служыць Богу ўсім сваім сэрцам, несучы свету сваімі штодзённымі ўчынкамі і словамі “Супакой і Дабро” – хрысціянскае прывітанне, якое абвяшчае радасць і мір духу.
Набажэнства паказала, што смерць — гэта не канец існавання чалавека, але толькі пераход; той самый таямнічы “transitus”, мост, які злучае нашае жыццё на зямлі з Тым, хто чакае нас у будучыні.
Мэтай набажэнства было распаліць і ажывіць францішканскі дух у верніках, каб яны маглі знайсці ў сваім сэрцы мір і згоду, што з’яўляецца адказам на сённяшнія неспакойныя часы.
На заканчэнне шматлікія ўдзельнікі набажэнства ўшанавалі рэліквіі св. Францішка, якія зараз знаходзяцца ў гродзенскім касцёле.
Кс. Юрый Марціновіч