30 верасня ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла, адбылося адкрыццё дзіцячага араторыя на новы навучальны год. Cвята прайшло пад назвай “Святасць таксама для цябе”, якая звязана з тэмай дэвіза на наступны год для ўсёй салезіянскай сям'і.
Традыцыйна праграма распачалася святой Імшой, якую цэлебраваў кс. Алег Жураўскі SDB. Падчас казання кс. Алег падкрэсліў, што трэба давяраць Богу ва ўсіх сітуацыях свайго жыцця, а таксама звярнуў увагу на тое, якія хрысціянскія знакі мы носім.
Пасля святой Імшы ўдзельнікаў свята ў араторыі ўжо чакалі памочнікі, кандыдаты і аніматары. Пры ўваходзе ў араторый дзеці ў залежнасці ад узросту былі падзелены на каманды. Кожны адказны за каманду атрымаў карту з пэўным шляхам падарожжа.
Падчас свята дзеці сустрэлі святога Ян Боско і Папу Францішка, якія дапамаглі ім больш зразумець, што такое святасць у іх жыцці і прапанавалі сустрэцца з рознымі цікавымі людзьмі.
Калі ўдзельнікі завяршылі сваё вандраванне, іх чакала слоўка, падчас якога святы Ян Боско браў інтэрв’ю ў герояў свята. Героі падзяліліся з прысутнымі сваімі меркаваннямі пра святасць, распавядаючы, чым яна для іх з’яўляецца, і як святасці могуць навучыцца нават самыя маленькія.
Напрыклад, адзін з герояў адзначыў, што святасць - гэта ўменне прайсці правільна жыццёвыя выпрабаванні, для іншага быць святым азначае быць паяднаным з Богам і перажываць з Ім кожны дзень і кожную сітуацыю. Яшчэ адзін герой адзначыў, што святым з’яўляецца той, хто здольны жыць з радасцю і гумарам.
Напрыканцы быў зроблены агульны фотаздымак і ўдзельнікі свята змаглі пачаставацца смачнай гарбатай і прысмакамі.
Паводле sdb.by