Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў урачыстасці на мядзельскай Кальварыі

miadzel bp 2616 верасня на мядзельскай Кальварыі адбылася адпустовая ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Таксама падчас сёлетняй урачыстасці група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

Біскуп Юзаф Станеўскі ўпершыню наведаў мядзельскую Кальварыю, дзе прыняў удзел у набажэнстве Крыжовага шляху i ўзначаліў адпустовую святую Імшу на Гары крыжоў.

У гаміліі іерарх звярнуўся да моладзі, якая ў гэты дзень была ўзбагачана дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, падкрэсліваючы важнасць іх сведчання ў асяроддзі аднагодкаў, каб яны ўласным жыццём, згодным з Евангеллем, маглі запаліць сваіх сяброў агнём Духа. Біскуп заклікаў моладзь будаваць праўдзівыя адносіны з Богам, каб потым казаць пра Яго іншым.

miadzel bp 25

Іерарх заахвоціў таксама трываць пры Хрыстовым Касцёле, у якім кожны павінен знайсці сваё належнае месца, і падзякаваў айцам кармэлітам за запрашэнне на ўрачыстасць.

Даведка:

Мядзельская Кальварыя знаходзіцца на ўскраіне Мядзела каля аўтатрасы Мядзел-Паставы. Гэта гістарычнае месца пакланення каталіцкіх вернікаў унікальнае тым, што такога тыпу пабудоваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма. На ёй засталіся рэшткі 18 каменна-цагляных каплічак, месцазнаходжанне якіх умоўна абазначаюць драўляныя крыжы.

Некалькі разоў на год, як і ў верасні на свята Узвышэння Святога Крыжа, вернікі мядзельскай парафіі і госці з іншых мясцінаў ушаноўваюць гэтыя святыя месцы шматлюднай працэсіяй — набажэнствам Крыжовага шляху, пасля чаго на гары Трох крыжоў цэлебруецца св. Імша. Агульная працягласць Крыжовага шляху складае 2 км. Гісторыя мядзельскай Кальварыі бярэ пачатак з 1772 года.

Kс. Юрый Марціновіч