Skip to main content

Біскуп Велікаселец у Зарачанцы: хто моліцца, той не грашыць

velikaslec bp 388 верасня пры парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Сапоцкінскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць. З гэтай нагоды ў парафіяльным касцёле адбыліся святкаванні, якія сабралі шмат вернікаў і гасцей.

Урачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Святкаванне пачалося ўнясеннем у касцёл рэліквій бл. сястры Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка. Рэліквіі былі перададзены Кангрэгацыяй Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанак) і будуць захоўвацца ў святыні.

Біскуп Казімір Велікаселец, які прыбыў па запрашэнні мясцовага пробашча кс. прэлата Вітольда Лазавіцкага, узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, а таксама тых, хто духоўна і матэрыяльна падтрымлівае парафію.

velikaslec bp 23

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на значэнне малітвы ў жыцці кожнага чалавека. “Хто моліцца, той не грашыць”, – дадаў біскуп, падкрэсліваючы, што малітва – паспяховая дапамога ў барацьбе са злом.

Іерарх заклікаў таксама любіць Бога, што праяўляецца ў рэгулярным удзеле ў святой Імшы, прыманні сакрамэнтаў і чыненні дабра ўсім людзям.

Звяртаючыся да моладзі, прысутнай у касцёле, біскуп заахвоціў яе памнажаць атрыманыя ад Бога таленты. “Таленты, якімі Бог вас адарыў, вы будзеце развіваць, калі будзеце мець чыстыя сэрцы”, – сказаў іерарх. Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі таксама падзякаваў старэйшаму пакаленню за малітву і цярпенне, дзякуючы чаму вытрывала вера на нашых землях.

На заканчэнне ўрачыстасцяў адбылася эўхарыстычная працэсія вакол святыні. Спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” вернікі дзякавалі Пану за ўсе дары і ласкі, якія ў апошні час атрымалі. Таксама парафіяне павіншавалі свайго пробашча, які ў гэты дзень адзначаў дзень нараджэння.

velikaslec bp 49

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Аліцыя Габіс