Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!
Хутка падышлі да канца летнія дні – час канікул дзяцей і моладзі. Як штогод, на пачатку верасня ў школах і іншых адукацыйных пляцоўках нашых гарадоў і вёсак зноў урачыста зазвінеў першы званок, як знак распачацця новага навучальнага года. Перад нашымі дзецьмі і моладдзю чарговы этап здабыцця ведаў і ўменняў, якія дазволяць ім ужо ў недалёкай будучыні ўвайсці ў дарослае жыццё і знайсці сваё месца ў грамадстве. Гэты працэс адукацыі маладога пакалення рэалізуецца дзякуючы цяжкай і адказнай працы, асабістаму ўдзелу і прысвячэнню настаўнікаў і выхаваўцаў, якіх мы справядліва адорваем за гэта павагай і ўдзячнасцю.
На тыдні, які пачынаецца, з нагоды літургічнага ўспаміну св. Станіслава Косткі мы будзем перажываць квартальныя дні малітваў за дзяцей і моладзь, настаўнікаў і выхаваўцаў. Праз заступніцтва святога апекуна будзем прасіць Пана аб дапамозе ў навуцы і ўсіх патрэбных ласках у новым навучальным годзе для нашых наймалодшых дыяцэзіян, а таксама аб святле Духа Святога для педагогаў, каб яны як найлепш спаўнялі сваё ганаровае пакліканне перадачы ведаў і сапраўдных каштоўнасцяў, выхавання сумленняў і сэрцаў маладога пакалення.
Скіроўваю сёння да вас, дарагія браты і сёстры, маё пастырскае слова, каб вам нагадаць, што як хрысціяне мы маем абавязак забяспечыць нашым дзецям і моладзі магчымасць усебаковага развіцця, гэта значыць мы павінны паклапаціцца аб тым, каб працэс адукацыі і выхавання маладога пакалення не быў пазбаўлены духоўнага і рэлігійнага вымярэння.
Паколькі хрысціянская сям’я – першае асяроддзе, у якім дзіця даведваецца пра Пана Бога, вучыцца малітве і спазнае асноўныя праўды веры, прашу вас, дарагія бацькі, падтрымліваць у сваіх хатніх ачагах дух глыбокай веры, праўдзівай пабожнасці і шчырай узаемнай любові. Прыкладзіце ўсялякія старанні, каб у вашых сем’ях практыкавалася супольная малітва, наведванне нядзельнай Імшы, адзначэнне касцёльных святаў, рэгулярнае прыступанне да святых сакрамэнтаў і руплівае спаўненне іншых рэлігійных практык. Важна таксама, каб у сям’і панавалі мір і згода, любоў і дабрыня, узаемная павага і давер. Такім чынам, як бацькі, вы будзеце першымі настаўнікамі і сапраўднымі сведкамі Хрыста для сваіх дзяцей, а сямейнае жыццё ў яго штодзённасці, напоўненай верай і любоўю, стане для іх найлепшай і самай паспяховай катэхезай.
Нязмерна важным дапаўненнем і паглыбленнем першай перадачы веры, якая здзяйсняецца ў хрысціянскай сям’і, з’яўляецца сістэматычная катэхізацыя дзяцей і моладзі, арганізаваная пры парафіях. Праз рэалізацыю адпаведным чынам распрацаваных праграм навучання, прыстасаваных да ўзросту катэхізаваных, парафіяльная катэхеза павінна “прывесці да сталасці веру, ужо народжаную ў душы, і выхаваць праўдзівага вучня Хрыста праз паглыбленае і больш упарадкаванае пазнанне Асобы і вучэння Хрыста, нашага Пана” (Ян Павел ІІ, Catechesi Tradendae, 19).
Таму нагадваю вам, дарагія бацькі, што на вас ляжыць абавязак, каб вашы дзеці наведвалі ўрокі рэлігіі пры парафіі на працягу ўсяго перыяду вучобы ў школе. Неспаўненне гэтага абавязку – сур’ёзнае маральнае занядбанне, якое не можа апраўдаць ні празмерная загружанасць дзіцяці вучобай у школе, ні ўдзел у пазашкольных занятках, ні наведванне спартыўных секцый ці клубаў па інтарэсах. Памятайце, што, занядбоўваючы рэлігійнае і духоўнае выхаванне сваіх дзяцей, вы прычыняеце ім вялікую крыўду. Бо ані веданне розных галін навукі, ані спартыўная падрыхтоўка, ані валоданне ігрой на музычных інструментах, хоць яны самі па сабе добрыя і карысныя, не дапамогуць вашым дзецям у будучыні ў вырашэнні сур’ёзных жыццёвых праблем, не забяспечаць трывалага шчасця ці ўнутранага міру, не прывядуць да сталасці ў веры, не выхаваюць належных маральных паставаў. Таму прашу вас узяць у вашы сэрцы і ажыццявіць на практыцы заклік Хрыста Пана: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае” (Mк 10, 14).
Шаноўныя браты святары і айцы законныя, паважаныя кансэкраваныя асобы і дарагія свецкія катэхеты! Скіроўваю да вас словы глыбокай удзячнасці і шчырага прызнання за руплівасць, запал і актыўнасць, з якімі вы прысвячаеце сябе кожны дзень высакароднай справе катэхізацыі маладога пакалення. Падтрымліваю вас сваёй малітвай і прашу Духа Святога, каб вас нястомна ўмацоўваў, асвячаў і вёў. Няхай слова Добрай Навіны, якое з вялікай любоўю і клопатам вы перадаеце вашым вучням, падае на жыццядайную глебу іх маладых сэрцаў і няхай прыносіць як мага больш шчодрыя духоўныя плёны.
Дарагія дзеці і любімая моладзь! Жадаю вам як мага большых поспехаў у навучальным і катэхетычным годзе, які пачынаецца. Наведвайце рэгулярна і ахвотна ўрокі рэлігіі, каб усё лепш пазнаваць Хрыста і Яго вучэнне. Памятайце, што Ён ваш найлепшы Сябар, які ніколі не падвядзе і не пакіне. Будзьце Яму верныя, фарміруйце сваё жыццё згодна з Яго Евангеллем, рэалізуйце на практыцы кожнае Яго слова, а Ён напоўніць вашы сэрцы сапраўднай радасцю Божых дзяцей.
На заканчэнне хачу перадаць вас, дарагія дыяцэзіяне, радасную навіну аб адкрыцці ў Гродне Тэалагічнага каледжа св. Казіміра. Гэта адукацыйная пляцоўка, якая належыць Гродзенскай дыяцэзіі і прапануе сістэматычныя лекцыі па тэалогіі, біблеістыцы, кананічным праве, філасофіі, псіхалогіі і многіх іншых дысцыплінах. Лекцыі, якія вядуць галоўным чынам выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, адрасаваны як кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, якія жадаюць атрымаць кваліфікацыю катэхета, так і ўсім дарослым католікам, што хацелі б лепш пазнаць аб’яўленыя праўды веры і вучэнне Касцёла, паглыбіць свае рэлігійныя веды, узбагаціць уласнае духоўнае жыццё. Заняткі ў каледжы адбываюцца ў суботу і нядзелю два разы ў месяц. Курс навучання працягваецца тры гады і завершыцца ўручэннем дыплома, які дае магчымасць працягваць вучобу ва ўніверсітэтах, дзе ёсць тэалагічны факультэт. Зацікаўленым дадуць больш інфармацыі пра Тэалагічны каледж св. Казіміра пробашчы іх парафій. Горача заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, пазнаёміцца з прапанаванай праграмай вучобы ў каледжы і скарыстацца магчымасцю паглыбіць уласныя рэлігійныя веды.
Усіх душпастыраў, бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхаваўцаў, а таксама дзяцей і моладзь давяраю мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, “Сталіцы мудрасці”, якая няхай выпрошвае ў свайго Сына, а нашага адзінага Настаўніка, шчодрае благаслаўленне, святло Духа Святога і ўсялякія патрэбныя ласкі ў новым навучальным і катэхетычным годзе.
Усіх вас, дарагія дыяцэзіяне, на працу нястомнага асабістага ўзрастання ў веры, радаснага дзялення ёю і адважнага давання кожны дзень сведчання аб Хрысце з сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Просім шаноўных святароў прачытаць гэты Пастырскі Ліст замест казання ў нядзелю 16.09.2018 г. падчас усіх Св. Імшаў у касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі
Пастырскі ліст на польскай мове па спасылцы.