3 верасня ў Гродне адбылася акцыя памяці, прысвечаная загінулым на дарогах дзецям Гродзеншчыны. Акцыю правяла гродзенская ДАІ.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія правялі малітву ў інтэнцыі загінулых. Касцёл прадставіў кс. Алег Канановіч, вікарый катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Арганізатары акцыі ўстанавілі ў цэнтры горада дзевяць роставых фігур, дакладна столькі, колькі дзяцей загінула за апошнія пяць гадоў у выніку здарэнняў на дарогах Гродзеншчыны.
Белыя роставыя фігуры ўстанавілі на пару гадзін побач з паркам Жылібера ў цэнтры Гродна. На кожнай такой фігуры былі напісаны імёны і прозвішчы, узрост і дата трагічнай смерці загінулых дзяцей.
Акцыя, якую арганізавалі супрацоўнікі ДАІ УУС аблвыканкама, праводзіцца ўжо не першы год. Яе галоўная задача – звярнуць увагу на праблему гібелі дзяцей на дарогах і прыцягнуць больш удзельнікаў і неабыякавых людзей да праблемы дзіцячага траўматызму.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: grodnonews.by