Skip to main content

“Канікулы з Богам” прайшлі ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа

kzb lida  25Традыцыйна на апошнім тыдні лета ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) ладзяцца “Канікулы з Богам”.

У гэтым годзе летнік праходзіў пад дэвізам “Рабі ўсё, толькі не грашы”. І гэта было сапраўды так: дзеці – іх было амаль 200 – глядзелі ў кінатэатры мультфільмы, каталіся на каньках, хадзілі на экскурсію ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, танцавалі, а таксама спаборнічалі паміж камандамі.

Цэнтральным момантам кожнага дня была святая Імша, падчас якой разам з кс. Станіславам Краўчанкам удзельнікі летніку разважалі пра шлях да неба, а таксама пра жыццё святых Аўгустына, Монікі і Яна Хрысціцеля.

Напрыканцы “Канікул з Богам” кс. Станіслаў пажадаў дзецям, каб іх святло заўсёды асвятляла ім шлях да неба і ніколі не згасала.

kzb lida  5

Скончыўся летнік канцэртам, да якога дзеці рыхтаваліся ўвесь тыдзень. На пачатку пробашч кс. Уладзімір Гуляй скіраваў да ўсіх пастырскае слова, падкрэсліўшы важнасць летніх канікул, а таксама катэхетычнага выхавання дзяцей. Падзякаваўшы пробашчу, дзеці прадставілі канцэрт.

Кожная каманда выканала два спевы і танец, а журы ацэньвала выступы. Узяўшы пад увагу паводзіны і камандны дух кожнай групы, яно прысудзіла першае месца камандзе зялёных – “Адзінства”.

Развітваючыся з сёстрамі законнымі і аніматарамі, дзеці з сумнымі вачыма адзначалі: “Шкада, што “Канікулы з Богам” такія кароткія”. Але кожны паабяцаў прыйсці ў наступным годзе і абавязкова ўзяць з сабою сябра.

Яна Чайко