Ужо больш за 20 гадоў айцы піяры ў Шчучыне збіраюць у сваёй парафіі вялікую колькасць дзяцей і моладзі (каля 500 чалавек) на тыднёвым малітоўна-інтэграцыйным мерапрыемстве – “Канікулах з Богам”. Сёлета яно праходзіла з 19 па 26 жніўня пад назвай “Святасць – гэта шлях да Неба”.
Кожны дзень апекуном “Канікул з Богам” быў якісьці святы або благаслаўлёны. Дзякуючы тэатральным інсцэніроўкам удзельнікі маглі даведацца пра лёс сваіх святых аднагодкаў, такіх, як Францішак і Жасінта Марту, св. Дамінік Савіо, слуга Божы Карло Акуціс, св. Хасэ Санчэс дэль Рыо, бл. К’яро Бадано, бл. П’ер Джорджыо Фрасаці і Гліцэрый Ландрыяні. Жыццё кожнага з гэтых маладых святых зрабіла вялікае ўражанне на прысутных.
Інтэграцыйнай імпрэзе спадарожнічала штодзённая малітва, злучаная з рэлігійнымі спевамі.
Былі і іншыя пункты праграмы, падрыхтаваныя айцамі, семінарыстамі і выхавацелямі. Танцы і забавы, гульні і скокі на батутах, музычныя і спартыўныя конкурсы – толькі невялікая частка таго, што чакала ўдзельнікаў “Канікул”.
Акрамя гэтага, штодзень дзеці і моладзь атрымлівалі салодкія пачастункі.
Кожны вечар спецыяльная малітоўна-рэкрэацыйная праграма чакала таксама ўсіх выхавацеляў. Яна ўключала супольную адарацыю, Крыжовы шлях, Імшу ў гонар св. Юзафа Каласанса – заснавальніка Ордэна піяраў, праслаўленне Бога спевам у цэнтры Шчучына і інтэграцыйныя танцы.
Афіцыйнае заканчэнне “Канікул з Богам” прайшло 26 жніўня на нядзельнай Эўхарыстыі.
Ужо зараз айцы піяры запрашаюць на “Канікулы з Богам”-2019.
Тэкст і фота: а. Віталій Слука SP