26 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Божага Цела ў Дварцы (Дзятлаўскі дэканат). На пачатку іерарха творчым і арыгінальным чынам прывіталі мясцовыя дзеці і моладзь.
Да прыезду біскупа вернікі падрыхтавалі дыван з жывых кветак, шарыкі, падарункі.
Іерарх узначаліў святую Імшу з удзелам вернікаў таксама з іншых навакольных парафій у інтэнцыі тых, хто ўтварае жывы Касцёл у Дварцы. Біскуп асаблівым чынам атачыў малітвай 33 вернікаў, якія ў гэты дзень былі ўзбагачаны дарамі Духа Святога, прымаюч сакрамэнт канфірмацыі.
Іерарх заклікаў парафіян заставацца з Хрыстовым Касцёлам, будуючы з Богам праўдзівыя і шчырыя адносіны. Звяртаючыся асабліва да моладзі, біскуп адзначыў, што Касцёл разлічвае на яе і на яе штодзённае сведчанне веры, якое яна будзе даваць на месцах вучобы і працы.
Моладзь, дзякуючы біскупу за ўдзяленне сакрамэнту хрысціянскай сталасці, абяцала споўніць гэтае чаканне Касцёла, развіваючы веры і пашыраючы яе на наступныя пакаленні.
Пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі на заканчэнне адзначыў, што гэты дзень парафія жадае ўвекавечыць благаслаўленнем каплічкі св. Антонія Падуанскага, свайго другараднага апекуна, узведзенай каля касцёла. Святар дадаў, што ў гэты дзень вернікі таксама просяць аб благаслаўленні крыжа і фігуры Маці Божай у цэнтры іх мястэчка.
Урачыстасць завяршылася благаслаўленнем гэтых новых месцаў культу, якія будуць нагадваць пра прысутнасць Бога ў жыцці мясцовых вернікаў. Пробашч выказаў надзею, што гэты крыж не будзе прычынай падзелаў, а будзе злучаць прадстаўнікоў розных канфесій, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі, і заклікаў маліцца аб згодзе і еднасці паміж усімі жыхарамі і аб міры ў кожнай сям’і.
Фундатарамі каплічкі ў гонар св. Антонія і крыжа выступілі мясцовыя парафіяне, такім чынам жадаючы выказаць Богу ўдзячнасць за атрыманыя ад Яго дары і ласкі.
Kс. Юрый Марціновіч