26 жніўня ў парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат) прайшла парафіяльная адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Чэнстахоўскай.
Святую Літургію цэлебраваў кс. Алег Шпець SChr. У гаміліі святар адзначыў, што для кожнага хрысціяніна Марыя з’яўляецца прыкладам цярпення, рызыкавання на шляху пілігрымавання да вечнасці.
Падчас Эўхарыстыі кс. Алег папрасіў вернікаў паглядзець яшчэ раз на абраз Марыі, які знаходзіцца ў бакавым алтары касцёла. “Звярніце ўвагу не на твар, а на руку Найсвяцейшай Панны. Яна паказвае на свайго Сына, Езуса Хрыста. Марыя ніколі не акцэнтуе ўвагі на сабе, а вядзе нас да Хрыста”, – дадаў святар.
Парафіяльная ўрачыстасць скончылася працэсіяй вакол касцёла і супольна адспяваным гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Пробашч парафіі кс. Дзмітрый Несцер падзякаваў вернікам за супольную малітву і ўдзел ва ўрачыстасці.
Aнастасія Мішкура