З 26 ліпеня па 7 жніўня ў вёсцы Мажэйкі Пастаўскага раёна адбыўся летнік для хлопцаў ProVocatio, які традыцыйна накіраваны на духоўны ўзрост юнакоў і дапамагае ў распазнанні жыццёвага паклікання.
Летнік праходзіў пад дэвізам “Леў і Баранак”. Хлопцы ў гэтых двух біблійных сімвалах пазнавалі Езуса з Назарэта і стараліся наблізіць рысы як духоўнага льва, так і баранка да свайго жыцця. У тэматыку паглыбляліся кожны дзень праз канферэнцыі, размовы і разважанні.
Удзельнікі штодзень духоўна насычаліся пад час сустрэчы на Літургіі гадзінаў, ранішняй медытацыі, ружанца, Lectio Divina і адарацыі, якая падсумоўвала дзень. Акрамя гэтага, юнакам было прапанавана шмат гульняў, якія паспрыялі добраму клімату ў летніку і радаснаму настрою ўдзельнікаў.
Адметнасцю сёлетняй сустрэчы былі падарожжы. Хлопцы наведалі браслаўскі санктуарый Маці Божай Каралевы Азёраў, касцёлы ў Відзах, Слабодцы, Дунілавічах, Лучаі, Камаях, Паставах, Мосары, Глыбокім і аграгарадке Удзел. У Мосары яны здзейснілі Крыжовы шлях на гару, дзе ўзвышаецца самы вялікі крыж у Беларусі. Кульмінацыяй вакацыйных падарожжаў была пілігрымка ў Росіцу, дзе хлопцы разам з айцамі салезіянамі прынялі ўдзел у росіцкіх урачыстасцях, прысвечаных благаслаўлёным Антонію і Юрыю, марыянам-мучанікам.
Гэты летнік быў цікавы і багаты на падзеі. Удзельнікі на заканчэнне ProVocatio падзякавалі арганізатарам і выказалі надзею сустрэцца зноў у наступным годзе.
Больш фотаздымкаў на sdb.by