Skip to main content

Удзельнікі пілігрымкі Гродна-Рось падзяліліся сваімі ўражаннямі

grodna ros pil 18XVII пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ўжо завяршылася. Аднак у сэрцах удзельнікаў яна пакінула вялікі след і шмат цёплых успамінаў.

Вернікі, якія прынялі ў ёй удзел, засталіся пад глыбокім уражаннем, бо час, які яны правялі ў дарозе, прайшоў не дарэмна, а ўжо сёння пачынае прыносіць у іх жыцці благаслаўлёныя плёны.

Аб тым, як прайшоў гэты час і што прынесла пілігрымка ў іх жыццё, распавядаюць некаторыя з іх.

 

Андрэй Юхнік, семінарыст:

Бог разумее нашы цяжкасці

urazanni ros 1

“У пілігрымку я пайшоў першы раз і застаўся вельмі задаволены.

Рось – незвычайны санктуарый у нашай дыяцэзіі, прысвечаны не Марыі і святым, а самому Езусу Хрысту. Яго журбота паказвае нам, што Бог разумее нашыя цяжкасці, бо і сам цярпеў.

Падчас дарогі панавала сямейная і цёплая атмасфера, адчуваўся дух малітвы. Хоць час праляцеў хутка, але кожны стаў братам і сястрой адзін аднаму.

Мне было прыемна бачыць адкрытасць пілігрымаў: да танца і да ружанца падыходзілі як моладзь, так і старэйшыя. Пілігрымка ўжо пачала прыносіць свае духоўныя плёны ў маім жыцці”.

 

Эвеліна Лукашэвіч, Гродна:

Бог заўсёды побач з намі

urazanni ros 2

“Мне ўпершыню выпала магчымасць схадзіць у пілігрымку ў Рось. Туды я ішла са сваімі інтэнцыямі. Пілігрымка пакінула шмат успамінаў.

Таксама падчас гэтай пілігрымкі я была валанцёрам і заўсёды адчувала невялікую адказнасць. Калі мы ішлі, было шмат часу, каб пабыць з Богам. Мы слухалі цікавыя канферэнцыі, пелі песні, маліліся і не думалі пра нашы праблемы.

І вось, калі мы прыйшлі, нас чакала начная адарацыя. Ноччу адбываецца штосьці нерэальнае. Гэта час настолькі бясцэнны, ты адчуваеш сябе шчаслівым і адчуваеш, што Бог побач з табой”.

 

Віктар Сокал, Ліда:

Жыць заўсёды з Богам

urazanni ros 4

“Я знаходжуся ў такой цяжкай жыццёвай сітуацыі, калі ўсё мае атачэнне жыве без Бога. І, як бы ні стараўся ад гэтага адхіліцца, гэта закранае. Я ведаю, што значыць жыць без Бога. І магу сказаць толькі адно: жыццё без Бога – гэта пекла.

Пілігрымка – гэта шанс самавыразіцца, паказаць сілу веры, паказаць, што людзі ідуць за Хрыстом, нягледзячы ні на што. Паказаць, што Хрыстус аб’ядноўвае розумы незалежна ад узросту і часу, незалежна ад полу і нацыянальнасці. Паказаць, што сапраўдная любоў такая блізкая і што, жывучы Евангеллем, у пастаяннай споведзі і малітве, мы вартыя трапіць у рай.

Гэта шчасце быць часткай вялікай хрысціянскай сям’і, шчасце ісці за Хрыстом, нягледзячы ні на што”.

 

Ірэна Хільмановіч, Гродна:

Пан Бог заўсёды дапаможа

urazanni ros 5

“Сёлетняя пілігрымка дапамагла мне спыніцца на хвіліну і падумаць, што адбываецца ў маім жыцці. Гэта як рэкалекцыі, нават больш і глыбей!

У апошні час у мяне былі не самыя лепшыя адносіны з Богам і малітвай, але дзякуючы гэтай пілігрымцы я нагадала сабе, што, нягледзячы на памылкі і падзенні, Ён заўсёды мне дапаможа, уздыме мяне і любіць мяне насуперак усяму! Сёння я больш моцная духоўна. Вяртаюся поўная радасці і любові ў сэрцы!

Я каторы год іду ў пілігрымку Гродна-Рось (сёлета ўжо пяты) і заўсёды застаюся з добрымі ўспамінамі, узбагачана духоўна, зараджана новымі сіламі, усталявала новыя знаёмствы. Усё арганізавана на вышэйшым узроўні, як заўсёды. Дзякуй вялікі арганізатару пілігрымкі кс. Юрыю Марціновічу, які ўкладвае ў гэта шмат сіл, здароўя, намаганняў!”

Ганна Глябовіч